Пра гэта заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас выступленьня на форуме «Валдай». Пра якія два раёны ішла размова, Пуцін не паведаміў.
Пуцін таксама адзначыў, што навядзеньне парадку ў самаабвешчаным Нагорным Карабаху было пытаньнем часу.
Акрамя таго, Пуцін пракамэнтаваў словы кіраўніка Эўрапейскай Рады Шарля Мішэля, што Расея здрадзіла армянскаму народу. «Чыя б кабыла мычала, а твая б маўчала», — сказаў Пуцін. На заўвагу мадэратара, што ў прымаўцы гаворыцца пра карову, выступоўца адказаў: «Карова, кабыла — ня важна. Жывёла, карацей».
Паводле Пуціна, у расейскага кантынгенту ў Нагорным Карабаху была задача весьці маніторынг рэжыму спыненьня агню.
Ён таксама адзначыў, што ў адносінах да арыштаваных былых лідэраў непрызнанага рэгіёну Баку будзе зыходзіць зь меркаваньняў гуманітарнага права.
Раней сёньня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў ваенную апэрацыю азэрбайджанскай арміі ў Нагорным Карабаху 19 верасьня. У заяве дзеяньні Азэрбайджану называюцца неапраўданым і загадзя сплянаваным нападам, а масавы вымушаны ад’езд армян параўноўваецца з этнічнай чысткай.
Акрамя таго, парлямэнтары абвінавацілі Азэрбайджан у парушэньні правоў чалавека і заклікалі ЭЗ перагледзець адносіны з Баку, у тым ліку зьнізіць залежнасьць ад імпарту азэрбайджанскіх энэргарэсурсаў.
- Карабах паводле міжнароднага права лічыцца часткай Азэрбайджану. Насельніцтва рэгіёну пераважна складалі армяне. З пачатку 1990-х гадоў Баку не кантраляваў большую частку тэрыторыі, там была абвешчаная Нагорна-Карабаская Рэспубліка, не прызнаная ніводнай краінай сьвету.
- 19 верасьня Азэрбайджан у выніку аднадзённай ваеннай апэрацыі прымусіў урад непрызнанай дзяржавы капітуляваць. У Баку гэта назвалі аднаўленьнем сувэрэнітэту.
- Армянскае насельніцтва рэгіёну, баючыся перасьледу, масава пакінула свае дамы. Паводле ацэнкі ААН, у рэгіёне за некалькі тыдняў засталося не больш за тысячу з 120 тысячаў армян, якія пражывалі там.
- Азэрбайджанскія ўлады заклікалі жыхароў застацца ў рэгіёне і заявілі пра гатоўнасьць весьці перамовы аб рэінтэграцыі армянскага насельніцтва Карабаху.