Нобэлеўскую прэмію ў мэдыцыне атрымалі Каталін Карыка і Дру Вайсман за дасьледаваньні мРНК, на аснове якіх распрацавалі вакцыны супраць COVID-19.
Матрычная, або інфармацыйная рыбанукляінавая кіслата зьмяшчае ў сабе дадзеныя аб пасьлядоўнасьці бялкоў ДНК. Дасьледаваньні Карыка і Вайсмана, пачатыя ў 1990-х, дапамаглі паскорыць разьвіццё малекулярнай біялёгіі і лепш зразумець, як РНК узаемадзейнічаюць зь імуннай сыстэмай. У 2005 годзе навукоўцы апублікавалі вынікі экспэрымэнту аб уплыве мРНК-вакцын на запаленчыя рэакцыі, а пазьней падвялі свой мэтад да клінічнага прымяненьня.
«Усяго ва ўсім сьвеце было ўведзена больш за 13 мільярдаў доз вакцыны супраць COVID-19. Яны выратавалі мільёны жыцьцяў і прадухілілі цяжкія захворваньні ў многіх людзей, дазволіўшы грамадзтву адкрыцца і вярнуцца да нармальных умоў функцыянаваньня. Дзякуючы сваім фундамэнтальным адкрыцьцям важнасьці мадыфікацый падстаў мРНК сёлетнія ляўрэаты ўнесьлі вырашальны ўклад у гэтае пераўтваральнае разьвіцьцё падчас аднаго з найбуйнейшых крызісаў у галіне аховы здароўя нашага часу», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.
- Летась Нобэлеўскую прэмію ў фізыялёгіі і мэдыцыне атрымаў швэдзкі біёляг Свантэ Паабо, які дасьледаваў ДНК вымерлых людзей.
- Зь беларусаў Нобэлеўскую прэмію раней атрымалі пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч (літаратура) і зьняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі (нобэлеўская прэмія міру).