Раніцай 29 верасьня гаварылася, што Карабах пакінулі амаль 90 тысяч чалавек. Крыху больш за 20 тысяч зь іх забясьпечаныя дзяржаўным жыльлём, паведамляе армянскі Кабінэт міністраў.
На пачатак году армянскае насельніцтва рэгіёну ацэньвалася ў 120 тысяч чалавек, гэта азначае, што яго пакінулі прынамсі 3/4 жыхароў. Азэрбайджан сваю ацэнку колькасьці ўцекачоў не раскрываў.
Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што ў рэгіёне можа не застацца армянскага насельніцтва. Ён абвінаваціў азэрбайджанскія ўлады ў этнічных чыстках і дэпартацыі жыхароў.
Армэнія накіравала ў Стэпанакерт (азэрбайджанскі назоў Ханкендзі) некалькі дзясяткаў аўтобусаў вывезьці тых, у каго няма асабістага транспарту. 30 аўтобусаў для адпраўкі жыхароў рэгіёну ў Армэнію накіравалі і ўлады Азэрбайджану.
Баку заявіў, што словы прэм’ера Армэніі падрываюць пэрспэктыву дасягненьня міру паміж Баку і Ерэванам. Азэрбайджанскія ўлады падкрэсьлілі, што зь іх гледзішча масавы ад’езд — гэта асабістае рашэньне жыхароў. МЗС Азэрбайджану ўказаў, што заклікае мясцовае насельніцтва не пакідаць Карабах і пачаць рэінтэграцыю ў азэрбайджанскае грамадзтва.
Памочнік азэрбайджанскага прэзыдэнта Хікмет Гаджыеў таксама паведаміў, што Баку гатовы дапусьціць у Карабах місію назіральнікаў ААН. Улетку прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заяўляў, што Баку рыхтуецца перасяліць у рэгіён 150 тысяч азэрбайджанцаў.
29 верасьня на памежным кантрольна-прапускным пункце «Лачын» азэрбайджанскія сілы затрымалі былога вайскавода сілаў непрызнанай рэспублікі Левона Мнацаканьяна, які спрабаваў уехаць у Армэнію, паведамляюць тэлеграм-каналы. Ён з 2015 па 2018 год быў міністрам абароны НКР. У 2015, 2016, 2017 гадох паміж карабаскімі і азэрбайджанскімі ўзброенымі сіламі адбываліся сутыкненьні з выкарыстаньнем цяжкай зброі, бакі абвінавачвалі адно аднаго ў парушэньні рэжыму спыненьня агню.
Некалькі дзён таму ў Лачыне быў затрыманы і адпраўлены ў Баку былы кіраўнік ураду непрызнанай рэспублікі Рубэн Варданьян. Яго арыштавалі. Варданьяну выставілі абвінавачаньні ў фінансаваньні тэрарызму, удзеле ў стварэньні ўзброеных фармаваньняў і ў незаконным перасячэньні мяжы.
Тэрыторыя Нагорнага Карабаху паводле міжнароднага права належыць Азэрбайджану. Баку не кантраляваў рэгіён з пачатку 1990-х гадоў. Незалежнасьць рэгіёну не прызнала ніводная дзяржава сьвету, у тым ліку Армэнія.
У канцы 2020 году Азэрбайджан у выніку 44-дзённай вайны вярнуў пад кантроль значную частку Карабаху. Баку і Ерэван падпісалі пагадненьне аб спыненьні агню, але мірная дамова дагэтуль не падпісаная.
19 верасьня Азэрбайджан абвінаваціў праармянскія сілы ў тэрарызьме і абстрэлах азэрбайджанскіх пазыцыяў. Азэрбайджанская армія пачала ваенную апэрацыю ў рэгіёне. Праз содні кіраўніцтва самаабвешчанага рэгіёну капітулявала на ўмовах Баку.
28 верасьня кіраўнік непрызнанага Нагорнага Карабаху Самвэл Шахраманьян падпісаў указ аб спыненьні існаваньня рэспублікі з 1 студзеня 2024 году.