У часе нямецкай акупацыі Кіева з 1941 да 1943 году на тэрыторыі ўрочышча «Бабін Яр» нацысты расстралялі, паводле розных ацэнак, ад 70 да 200 тысяч грамадзян.
Пераважную колькасьць ахвяраў складалі габрэі, а ўжо пазьней «акцыі пакараньня» былі пашыраныя на іншыя нацыянальнасьці — цыганоў, а таксама ўкраінцаў, якія актыўна дзейнічалі ў структурах Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, у тым ліку ўкраінскую паэтку Алену Цялігу, якая нарадзілася ва ўкраінска-беларускай сям’і — яе маці мела беларускія карані.
У адным зь нямецкіх дакумэнтаў адзначалася, што «прыхільнікаў Бандэры немагчыма прыцягнуць да якой-небудзь станоўчай супрацы, таму застаецца толькі цалкам зьнішчыць гэты рух».
Паказальнымі сталі і расстрэлы камуністаў-падпольшчыкаў, псыхічна хворых, сьвятароў, якія адмаўляліся маліцца за перамогу нямецкіх акупацыйных уладаў, і маракоў Дняпроўскай флятыліі. Гісторыкі дагэтуль ня могуць вызначыць дакладную колькасьць расстраляных немцамі ў Бабіным Яры, але гавораць, што сама меней гаворка можа весьціся пра 200 тысяч грамадзян.
Мэмарыяльны цэнтар Галакосту «Бабін Яр» сабраў і аблічбаваў больш за 3,5 мільёна гістарычных дакумэнтаў, дзякуючы якім можна атрымаць максымальна поўную інфармацыю пра загінулых ва ўрочышчы, іхных сваякоў і жыхароў Кіева ў даваенны і пасьляваенны час. Дзякуючы адкрыцьцю архіваў украінскія гісторыкі раскрылі і невядомыя раней гістарычныя факты.
Цяпер на тэрыторыі Бабінага Яру паставілі каля 30 помнікаў. Сярод ахвяр — пераважна габрэі, якіх расстрэльвалі немцы. Але пазьней гісторыкі пацьвердзілі, што перад вайной ва ўрочышчы прадстаўнікоў розных нацыянальнасьцяў забівала і камуністычная ўлада.
Сярод пацярпелых — шмат і беларусаў, аднак асобнага помніка ў іх памяць на тэрыторыі мэмарыялу няма. Як няма пакуль і дакладнай інфармацыі аб колькасьці загінулых тут беларусаў. Імавернымі ахвярамі сталі:
- Барэн Валянціна Несьцераўна, беларуска, працавала канцэртмайстрам у Кіеўскім тэатры апэрэты, незамужняя, закончыла музычны тэхнікум у Туле, нарадзілася 27 траўня 1916 году.
- Васільеў Андрэй Рыгоравіч, беларус, актор-ліліпут тэатра «Вар’етэ», меў стаж 10 гадоў, меў жонку, спэцыяльнай адукацыі не было, нарадзіўся 1 верасьня 1913 году.
- Раткевіч Пётра Гнатавіч, ідэнтыфікаваў сябе «літвінам», музыкант, кіраўнік духавога аркестру ў горадзе Дымер Кіеўскай вобласьці, меў жонку-ўкраінку, нарадзіўся 28 лістапада 1901 году ў Вільні.
- Равенка Марыя Ўладзімераўна, беларуска, муж памёр, мела дваіх дзяцей, закончыла тры курсы тэатральнага інстытуту, мела стаж 7 гадоў, працавала артысткай у тэатры «Вар’етэ», нарадзілася ў Менскай губэрні 18 траўня 1917 году.
- Ханько Віктар Карпавіч, беларус, музыкант, нежанаты, закончыў музычную школу па клясе народных інструмэнтаў, працаваў у інструмэнтальным аркестры салістаў, нарадзіўся ў Чыкага (ЗША) 5 жніўня 1913 году.
Усе яны трапілі ў картатэку дзеячаў культуры і мастацтва Кіева пэрыяду нацысцкай акупацыі ў 1941–1943 гадах.
Беларускія эмігранты ў 2021 годзе ўшаноўвалі памяць расстраляных у Бабіным Яры.
Гэтае мэмарыяльнае месца пацярпела ад расейскіх абстрэлаў. Як высьветлілі міжнародныя расьсьледнікі, расейская ракета ўпала якраз у тое месца, дзе габрэяў разьдзявалі перад расстрэлам.