Смольгава, Любанскі раён, Меншчына
Будучы пісьменьнік, краязнаўца, фальклярыст, літаратуразнаўца, перакладчык нарадзіўся 29 верасьня 1823 году ў фальварку Смольгаў Бабруйскага павету Менскай губэрні (цяпер вёска Смольгава Любанскага раёну Менскай вобласьці) у сям’і арандатара Аляксандра Каятана Кандратовіча (шляхецкі герб «Сыракомля»), жанатага зь Вікторыяй Златкоўскай. Продкі паэта належалі да старадаўняй беларускай шляхты, палянізаванай у выніку гістарычных падзеяў у Вялікім Княстве Літоўскім.
Дзед паэта Юзаф быў лідзкім ротмістрам, бацька меў адукацыю каморніка, але на казённую службу не пайшоў і, каб пракарміць сям’ю, арандаваў дробныя фальваркі ў князёў Радзівілаў.
На радзіме клясыка ягонае імя насіла школа. Некалькі гадоў таму яе зачынілі, бо вучняў было мала.
Сёньняшнюю дату Сыракомлевы землякі ніяк не адзначаюць.
Нясьвіж
Тут будучы клясык пачынаў вучыцца ў павятовай школе, якую ўлады зачынілі пасьля антырасейскага паўстаньня 1831 году, і давучваўся ён у Наваградку. Адтуль, скончыўшы пятую клясу, вярнуўся да бацькоў у вёску Мархачоўшчына, што блізу Нёмана ля Стоўпцаў, дзе сям’я арандавала фальварак. Неўзабаве высьветлілася, што гаспадарчыя клопаты не прывабліваюць падлетка, які шмат чытае і нават рыфмуе, пераймаючы клясычныя ўзоры.
Бацька дапамог яму ў 1841 годзе ўладкавацца на службу ў канцылярыю кіраўніцтва радзівілаўскіх маёнткаў. Гэта дазволіла Сыракомлю пашырыць магчымасьці для самаадукацыі, бо найбліжэйшы Віленскі ўнівэрсытэт за вальнадумства выкладчыкаў і студэнтаў быў зачынены ўладамі, а вучыцца за мяжой было таленавітаму хлопцу не па кішэні. У Нясьвіжы і яго ваколіцах Уладзіслаў Сыракомля пражыў да 1852 году.
У памяць пра свайго вясковага лірніка ў касьцёле Божага Цела ў Нясьвіжы ўсталяваная мэмарыяльная шыльда, адна з вуліцаў гораду носіць ягонае імя, у радзівілаўскім парку ўсталяваны бюст клясыка, выкананы скульптарам Сяргеем Гумілеўскім. У вёсцы Мархачоўшчына на камені прымацаваная памятная шыльда.
Сёньня ў ніводнай з Сыракомлевых мясьцінаў Нясьвіжа і ваколіцаў ніякіх імпрэзаў не плянуецца.
Вільня
Сам сябе Сыракомля называў віленчуком. Тут пасьля першае публікацыі (1844) у віленскім часопісе «Atheneum» прыйшла да яго літаратурная вядомасьць, а затым і слава на ўвесь край. Тут ён напісаў бальшыню вершаў, паэмаў, літаратуразнаўчых твораў, выдаў шэсьць кніг перакладаў паэтаў-лаціністаў. Тут зазнаў турму і перасьлед. Тут у верасьні 1862-га за ягонай труной ішла дваццацітысячная народная працэсія да могілак Росы, дзе ягоныя парэшткі знайшлі свой вечны спачын. Там стаіць сьціплы помнік вялікаму паэту.
Памятная шыльда ёсьць на доме, дзе душа паэта адляцела ў вырай (цяпер гэта вуліца Барбары Радзівіл, 3). У касьцёле сьвятых Янаў таксама ўсталяваная памятка пра знанага віленчука.
Напярэдадні юбілею ў Вільні правялі канфэрэнцыю з гэтай нагоды і адкрылі выставу. У прыгараднай вёсцы Барэйкаўшчына, куды пад нагляд паліцыі ў 1853 годзе быў высланы Сыракомля, таксама адкрылася кніжная выстава.
Менск
Дасьледнікі лічаць нарыс Уладзіслава Сыракомлі пра Менск (1857) самым першым літаратурным прызнаньнем у любові да сёньняшняй сталіцы Беларусі. Чым жа яна аддзячыла слыннаму аўтару?
У новым мікрараёне Лошыца ў нядаўнія адносна лібэральныя гады назвалі ягоным імем вуліцу. І гэта ўсё ўшанаваньне. Няма дагэтуль помніка. Не зьявіліся школы ці бібліятэкі ягонага імя. Поўная спадчына — толькі ў марах рафінаваных інтэлектуалаў.
Першая кніга Сыракомлі ў перакладах на беларускую мову выйшла ў 1966 годзе, апошняя — кнігазбораўскі том — у 2010-м. А між тым толькі вершы Сыракомлі налічваюць дзесяць (!) тамоў. А яшчэ ж нарысы, п’есы, артыкулы, пераклады... Дасьледнікі не бяруцца называць дакладныя памеры ягонай творчай спадчыны.
І, дарэчы, пра дасьледнікаў. У сытуацыі адкрытай антыпольскай рыторыкі на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі сёньняшняй улады займацца сыракомлязнаўствам нават для аматараў-краязнаўцаў справа, мякка скажам, рызыкоўная.
Ніхто з шаноўных навукоўцаў і прыхільнікаў творчасьці знакамітага земляка не пагадзіўся (нават на ўмовах ананімнасьці) на інтэрвію для нашага радыё.