Пра ўвядзеньне Нямеччынай памежнага кантролю з Польшчай і Чэхіяй з прычыны павялічэньня колькасьці мігрантаў заявіла 27 верасьня кіраўнік МУС Нэнсі Фэзэр (Nancy Faeser). Паводле яе, «неабходна зрабіць больш для абароны далікатнай сыстэмы адкрытых межаў Эўразьвязу».
«Калі нам не атрымаецца лепш абараніць вонкавыя межы, тады адкрытыя межы ўсярэдзіне ЭЗ апынуцца пад пагрозай», — паведаміла Фэзэр.
Яна сказала, што ў цэнтры ўвагі новых мер будуць кантрабандысты, якія, паводле яе, аблегчылі праход чвэрці мігрантаў, якія ўяжджаюць у Нямеччыну.
«Мы хочам прадухіліць перамяшчэньне кантрабандыстаў з дапамогай гнуткага і мабільнага кантролю ў месцах, якія будуць мяняцца», — заявіла яна, дадаўшы, што гэтыя меры будуць ініцыяваныя сумесна з Польшчай і Чэхіяй.
Па афіцыйных зьвестках, у Нямеччыне за першыя 7 месяцаў 2023 году колькасьць просьбаў аб прытулку вырасла на 78%. Па дадзеных мясцовай паліцыі, у жніўні зарэгістравалі 14 701 спробу незаконнага перасячэньне мяжы зь Нямеччынай, што на 66% больш, чым за той жа месяц летась.
Чэская паліцыя ў сваю чаргу ўзмацніла выбарачныя праверкі на славацкай мяжы, а таксама на аўтамагістралях, якія вядуць у Нямеччыну, заявіў прэзыдэнт чэскай паліцыі Марцін Вондрасек.
Рост колькасьці мігрантаў таксама прывёў да напружанасьці ў адносінах з суседняй Нямеччыне Польшчай, якая заявіла, што можа ўвесьці памежны кантроль.
«Сёньняшняе рашэньне Нямеччыны зьяўляецца вынікам актыўнасьці на балканскім міграцыйным маршруце. Урад Польшчы лічыць, што неабходна ўмацаваць паўднёвыя межы Эўропы, каб перадухіліць такую сытуацыю. Неабходна вырашыць пытаньне закрыцьця межаў у Паўднёвай Эўропе», — заявіў пра гэта агенцтву Reuters паведаміў афіцыйны прадстаўнік ураду Польшчы Пётар Мюлер.
На пачатку гэтага тыдня Варшава пачала правяраць некаторыя транспартныя сродкі, якія перасякаюць славацкую мяжу, падазраючы, што яны могуць перавозіць нелегальных мігрантаў.