Зарэчненскі раённы суд Ровенскай вобласьці пакараў грамадзяніна Беларусі 6 гадамі пазбаўленьня волі за распаўсюд інфармацыі аб перамяшчэньні, руху і разьмяшчэньні Ўзброеных сіл Украіны на памежжы зь Беларусьсю. Але ён не прызнаў сваёй віны.
Згодна з Крымінальным кодэксам Украіны, яму паводле часткі 2 артыкулу 114-2 пагражала да 8 гадоў пазбаўленьня волі. Раней гэтага беларуса ўжо прыцягвалі да адказнасьці за апраўданьне і падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Асуджаны — беспрацоўны, нарадзіўся і пражываў у Ровенскай вобласьці, ваяваў у Афганістане, быў там камандзірам падразьдзелу дэсантна-штурмавых войскаў Савецкага Саюзу. Грамадзяніна Беларусі затрымалі 25 траўня 2023 году якраз у той час, калі ён нібыта перадаваў сабраную інфармацыю праз тэлефон. Так адзначалася ў судовым рашэньні, паводле якога яго ўзялі пад варту.
У часе судовага слуханьня справы грамадзянін Беларусі не прызнаў сваёй віны і назваў гэта правакацыяй.
На пасяджэньні суду абвінавачаны паведаміў, што ў канцы лютага 2023 году да яго дадому прыяжджалі невядомыя асобы, якія прадставіліся супрацоўнікамі консульства Рэспублікі Беларусь. У часе размовы яны яго павіншавалі з днём вываду войскаў з Афганістану, далі 2 тысячы грыўняў (крыху больш за 50 даляраў у эквіваленце. — РС) і тэлефон чорнага колеру. Яму таксама паведамілі, што будуць тэлефанаваць, калі нешта будзе патрэбна.
«Цягам красавіка-траўня ён размаўляў па тэлефоне з асобай, якая прадставілася, і расказваў інфармацыю, якая яму была вядомая ад жыхароў сяла пра разьмяшчэньне сіл тэрытарыяльнай абароны і вайскоўцаў Узброеных сіл Украіны», — адзначаецца ў судовым рашэньні.
Грамадзянін Беларусі назваў правакацыяй дзеяньні «невядомых яму асобаў, якія прапанавалі яму супрацу». На запісах ён прызнаў свой голас, але падкрэсьліў, што ня быў ініцыятарам такіх размоў і не зьбіраў забароненай інфармацыі.
У судзе ў якасьці сьведкі дапыталі брата абвінавачанага, які паведаміў у судзе, што той яму расказваў, як да яго дадому прыяжджалі «супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны, якія прадставіліся яму супрацоўнікамі беларускага консульства» і паабяцалі яму дапамагаць, а празь некаторы час ягонага брата арыштавалі.
Яшчэ адзін сьведка, опэрупаўнаважаны ўпраўленьня СБУ ў Ровенскай вобласьці, паведаміў у судзе, што ў часе сваёй службы атрымаў інфармацыю, што абвінавачаны грамадзянін Беларусі «трапіў у поле зроку беларускіх спэцслужбаў, падтрымлівае сувязі з колішнімі і дзейнымі вайскоўцамі Беларусі і Расеі». Гэтыя зьвесткі ён выклаў у рапарце на імя свайго кіраўніцтва.
Суд прызнаў вінаватасьць грамадзяніна Беларусі, паколькі сьледзтва пацьвердзіла гэта пісьмовымі доказамі і аўдыёфайламі тэлефонных размоў.
2 чэрвеня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што гэты грамадзянін Беларусі быў агентам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. Тады ў ведамстве заявілі, што беларускі грамадзянін выконваў заданьні на Ровеншчыне і зьбіраў інфармацыю, абходзячы памежную тэрыторыю і назіраючы за перамяшчэньнем сіл абароны.
7 чэрвеня 2022 году гэтаму грамадзяніну Беларусі прысудзілі 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады за апраўданьне расейскай агрэсіі, а праз год — 25 траўня 2023 году — затрымалі праз падазрэньне аб перадачы інфармацыі пра перамяшчэньне жывой сілы і вайсковай тэхнікі для абароны памежнай зь Беларусьсю ўкраінскай тэрыторыі.