Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашыньян і Аліеў сустрэнуцца ў Гішпаніі. Асноўнае вакол Карабаху на гэты момант


Нікол Пашыньян, Ільхам Аліеў. Каляж
Нікол Пашыньян, Ільхам Аліеў. Каляж

Рады бясьпекі Армэніі паведамляе, што прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян і прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў сустрэнуцца 5 кастрычніка ў гішпанскім горадзе Гранада. Сакратар Рады бясьпекі Армэн Грыгар'ян папярэдне сустрэнецца з памочнікам Аліева, каб абмеркваць дэталі сустрэчы.

Пашыньян крытыкуе Расею

Прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян у нядзельным тэлезвароце зноў раскрытыкаваў Расею ў сувязі з апошнімі падзеямі ў Нагорным Карабаху. Ён таксама заявіў, што Армэнія гатова прыняць армянскіх жыхароў Карабаху, калі яны захочуць пакінуць рэгіён.

На мінулым тыдні ў выніку імклівай ваеннай апэрацыі Азэрбайджану армянскія ўлады самаабвешчанай рэспублікі Нагорны Карабах, якая існавала больш за 30 гадоў, склалі зброю на ўмовах Баку. Цяпер вядуцца перамовы аб умовах рэінтэграцыі армянскай абшчыны Нагорнага Карабаху ў Азэрбайджане. Чакаецца, што ўся тэрыторыя рэгіёну пяройдзе пад кантроль азэрбайджанскіх уладаў.

Як зазначыў Пашыньян, «калі ня будуць створаны рэальныя ўмовы жыцьця для армян Нагорнага Карабаху ў іх дамах і эфэктыўныя мэханізмы абароны ад этнічных чыстак, то ўзрастае верагоднасьць таго, што армяне Нагорнага Карабаху адзіным спосабам выратаваць сваё жыцьцё і ідэнтычнасьць убачаць адыход са сваёй радзімы». У гэтым выпадку Армэнія гатова прыняць уцекачоў, падкрэсьліў прэмʼер. Адказнасьць за магчымае нэгатыўнае разьвіцьцё падзей ён усклаў ня толькі на Азэрбайджан, але і на разьмешчаны ў рэгіёне расейскі міратворчы кантынгент.

Пашыньян заявіў, што падзеі апошніх гадоў паказалі «неэфэктыўнасьць» структур бясьпекі, у якія ўваходзіць Армэнія. Мова аб блёку АДКБ, вядучай сілай у якім зьяўляецца Расея. Паводле Пашыньяна, «аналіз падзей паказвае, што сыстэмы бясьпекі і саюзьнікі, на якіх мы абапіраліся на працягу многіх гадоў, паставілі задачу паказаць нашу ўразьлівасьць і абгрунтаваць немагчымасьць для армянскага народу мець незалежную дзяржаву». Прэмʼер-міністар заклікаў жыхароў краіны зрабіць выбар: падтрымліваюць яны незалежнасьць ці тое, каб «стаць аддаленай губэрняй».

Улады Нагорнага Карабаху абвясьцілі пра эвакуацыю часткі насельніцтва ў Армэнію, першыя групы ўцукачоў перасеклі мяжу, перадае армянская служба Радыё Свабода.

Жыхары Нагорнага Крабаху ў пункце эвакуацыі ў Сюніке на поўдні Армэніі, 24 верасьня
Жыхары Нагорнага Крабаху ў пункце эвакуацыі ў Сюніке на поўдні Армэніі, 24 верасьня

«Найгоршыя прапагандысты расейскіх тэлеканалаў – армяне»

Напярэдадні кіраўнік апарату Пашыньяна Араік Аруцюнян абвінаваціў пракрамлёўскія расейскія СМІ ў вядзеньні «гібрыднай вайны» супраць Армэніі. Ён таксама наракае, што ў Расеі ў гэта найбольш улягаюць армяне паводле нацыянальнасьці: «Як так атрымалася, што найгоршымі прапагандыстамі расейскіх тэлеканалаў зьяўляюцца армяне: Маргарыта Сіманьян, Тыгран Кеасаян, Арам Габралянаў, Сямён Багдасараў, Раман Бабаян, Сяргей Кургінян, Андранік Мігранян».

Азэрбайджан стварыў спэцгрупу ў пытаньнях інтэграцыі Карабаху

У Азербайджане стварылі ўрадавую рабочую групу для вырашэньня гуманітарных, эканамічных і сацыяльных пытаньняў, зьвязаных з уваходжаньнем Нагорнага Карабаху ў склад краіны. Пра гэта паведаміў дарадца азэрбайджанскага прэзыдэнта па зьнешняй палітыцы Хікмет Гаджыеў, піша Politico.

«Карабах быў парахавой бочкай і самай мілітарызаванай зонай у сьвеце. Але гэта ў мінулым. У гэтых умовах шанцы на мір паміж Армэніяй і Азэрбайджанам значна вышэйшыя, – сказаў Гаджыеў.

Эрдаган едзе да Аліева

Турэцкі прэзыдэнт Рэджэп Таіп Эрдаган у панядзелак адправіцца ў Нахічэвань на запрашэньне прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева.

Аб плянаваным візыце паведамілі турэцкія СМІ. Нахічэванская аўтаномная рэспубліка – экскляў Азэрбайджану, прылеглы да Турэччыны і аддзелены ад асноўнай азэрбайджанскай тэрыторыі Сюніцкай вобласьцю Армэніі, празь якую ў 2020 годзе, пасьля ваеннай паразы ў 44-дзённай вайне Армэнія, пад ціскам Расеі і Азэрбайджану, пагадзілася пракласьці «Зангезурскі калідор» – транспартны шлях, які злучыць Азэрбайджан і Турэччыну, але дэ-факта адрэжа Армэнію ад апошняга патэнцыйнага рэгіянальнага саюзьніка – Ірану.

Мапа Нагорнага Карабаху і прылеглых тэрыторыяў
Мапа Нагорнага Карабаху і прылеглых тэрыторыяў

У Ерэване пратэсты

У Ерэване некалькі дзён праходзяць акцыі пратэсту, удзельнікі якіх абвінавачваюць улады Армэніі ў тым, што яны не прыйшлі на дапамогу армянам Карабаху. На акцыях, аднак, гучыць і крытыка на адрас Масквы.

Напярэдадні кіраўнік апарату Пашыньяна Араік Аруцюнян абвінаваціў пракрамлёўскія расейскія СМІ ў вядзеньні «гібрыднай вайны» супраць Армэніі.

Шматлікія расейскія пракрамлёўскія камэнтатары рэзка крытыкуюць Пашыньяна і ўлады Армэніі, абвінавачваючы іх у тым, што яны арыентуюцца на Захад і дзеля гэтага нібыта «кінулі» Нагорны Карабах.

Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху

Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.

Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.

У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.

Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.

1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.

Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG