Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што Нагорны Карабах зьяўляецца тэрыторыяй Азэрбайджану.
«Навязваньне іншага статусу ніколі ня будзе прынятае. Мы з самага пачатку падтрымлівалі перамоўны працэс паміж Азэрбайджанам і Армэніяй. Аднак мы бачым, што Армэнія не змагла адэкватна выкарыстаць гэтую магчымасьць», — напісаў Эрдаган на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х (колішні Twitter. — РС).
Прэзыдэнт Турэччыны дадаў, што разьлічвае на выкананьне Армэніяй абяцаньня аб адкрыцьці Зангезурскага калідору.
«Нашай галоўнай мэтай мусіць быць, каб усе, у тым ліку і армяне, мірна жылі поплеч на азэрбайджанскіх землях. Мы падтрымліваем крокі, які робіць Азэрбайджан, дзе мы дзейнічаем пад лёзунгам „Адна нацыя, дзьве дзяржавы“, у абароне сваёй тэрытарыяльнай цэласнасьці», — заявіў Эрдаган.
ЗША заклікаюць Азэрбайджан спыніць баявыя дзеяньні
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен 19 верасьня правёў тэлефонныя размовы зь кіраўніцтвам Азэрбайджану і Армэніі. Як адзначаецца ў заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту, улады ЗША займаюцца «антыкрызіснай дыпляматыяй», спрабуючы разрадзіць сытуацыю ў сувязі з ваеннай апэрацыяй Баку ў Нагорным Карабаху.
Як адзначаецца ў афіцыйных паведамленьнях, Энтані Блінкен заклікаў прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева тэрмінова спыніць баявыя дзеяньні, а прэ’мер-міністру Армэніі Ніколу Пашыньяну выказаў глыбокую занепакоенасьць сытуацыяй у Карабаху. Дзяржсакратар заявіў, што заклікаў Баку спыніць баявыя дзеяньні і вярнуцца да перамоў.
У Менску ваенная эскаляцыя выклікала «глыбокую занепакоенасьць»
Міністэрства замежных спраў Беларусі заклікала «усе бакі» зрабіць усе захады для спыненьня агню, каб не дапусьціць гібелі людзей.
«У Рэспубліцы Беларусь глыбока занепакоеныя эскаляцыяй сытуацыі ў паўднёва-каўкаскім рэгіёне, якая суправаджаецца баявымі дзеяньнямі. Цьвёрда зыходзім з таго, што доўгатэрміновае і ўстойлівае вырашэньне самых складаных канфліктаў магчыма выключна палітыка-дыпляматычнымі сродкамі», — адзначаецца ў заяве МЗС Беларусі.
Менск таксама прапанаваў сваё пасярэдніцтва для дасягненьня міру і стабільнасьці на Паўднёвым Каўказе.
Міжнародныя арганізацыі шукаюць шляхі для аднаўленьня перамоў
Дзейны старшыня АБСЭ, міністар замежных спраў Паўночнай Македоніі Буяр Асмані выказаў занепакоенасьць ваеннай апэрацыяй Баку і зьвязанай зь ёй небясьпекі для цывільнага насельніцтва ў Стэпанакерце. «Я заклікаю да тэрміновай дээскаляцыі. Мірны дыялёг павінен быць адзіным варыянтам, і гуманітарныя інтарэсы мусяць пераважваць», — заявіў Буяр Асмані.
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш таксама заклікаў Азэрбайджан і Армэнію пераарыентаваць свае высілкі на дасягненьне даверу і забесьпячэньне міру, а таксама забясьпечыць доступ гуманітарных арганізацый для наданьня дапамогі цывільнаму насельніцтву.
«Генэральны сакратар рашуча заклікае тэрмінова спыніць баявыя дзеяньні, забясьпечыць дээскаляцыю сытуацыі і вярнуцца да выкананьня рэжыму спыненьня агню, абвешчанага ў 2020 годзе, і прынцыпаў міжнароднага гуманітарнага права», — адзначыў Стэфан Дзюжарык, прэсавы сакратар Антонію Гутэрыша.
Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху
Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.
Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.
У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.
Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.
1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.
Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».