МЗС Беларусі назвала рашэньне латвійскага боку аб спыненьні функцыянаваньня памежнага пераходу «чарговым адкрыта недружалюбным палітызаваным крокам».
«Відавочна, што нелегальныя мігранты не карыстаюцца афіцыйнымі пунктамі пропуску. А некалькі дзясяткаў афіцэраў латвійскай памежнай службы, якія вызваляюцца пры гэтым, наўрад ці здольныя кардынальна ўзмацніць ахову мяжы», — заявілі ў МЗС Беларусі.
У замежнапалітычным ведамстве Беларусі выказалі здагадку, што рашэньне Латвіі закрыць памежны пераход Урбаны — Сілэнэ ўзгаднілі яшчэ падчас нарады міністраў унутраных спраў краін Балтыі і Польшчы ў канцы жніўня 2023 году ў Варшаве.
У МЗС заявілі, што Беларусь адрэагуе на нематываваную блякаду грузавых і пасажырскіх патокаў, у тым ліку канкрэтнымі эканамічнымі захадамі, але падкрэсьлілі, што беларускі бок «па-ранейшаму адкрыты для нармальнага ўзаемадзеяньня па лініі кампэтэнтных ведамстваў».
Урад Латвіі прыняў рашэньне закрыць пераход Сілэнэ — Урбаны 19 верасьня.
Улады патлумачылі, што да такога кроку іх падштурхнуў рост нелегальнай іміграцыі з боку Беларусі.
Такім чынам, на мяжы Беларусі і Латвіі застаецца адкрытым адзін памежны пераход — Патэрніекі —Грыгораўшчына.
Раней краіны Балтыі і Польшча правялі сустрэчу на міністэрскім узроўні, дзе абмяркоўвалі мэханізм закрыцьця мяжы зь Беларусьсю ў выпадку патрэбы.
18 жніўня Літва закрыла два з шасьці памежных пераходаў зь Беларусьсю — Шумск/Лоша і Цьверач/Відзы. Працягваюць функцыянаваць пераходы Каменны Лог/Меднікі, Прывалка/Райгорад, Беняконі/Салечнікі і Катлоўка/Лаварышкі. Закрываць іх літоўскі бок пакуль не плянуе.
З Польшчай для легкавых аўтамабіляў дзейнічае толькі пераход у Тарэспалі (Берасьце).