Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Армэніі пратэсты супраць умоваў перамір’я ў Нагорным Карабаху: дэманстранты зноў штурмуюць будынак ураду

абноўлена

У сталіцы Армэніі Ерэване другі дзень працягваюцца пратэсты супраць рашэньня ўраду не аказваць супраціву азэрбайджанскай арміі ў непрызнанай рэспубліцы Нагорны Карабах.

Увечары 20 верасьня на плошчы Рэспублікі пачаўся новы мітынг пратэсту. Перад будынкам армянскага ўраду адбыліся сутыкненьні паміж дэманстрантамі і сілавікамі, паведамляе армянская служба Радыё Свабода. Пратэстоўцы, як піша Sputnik Армэнія, пачалі кідаць у паліцыянтаў камяні і бутэлькі, сілавікі, у сваю чаргу, ужылі дубінкі. Паведамляюць пра некалькіх затрыманых дэманстрантаў.

Падчас акцыі пратэсту прадстаўнік партыі «Дашнакцут’юн» Ішхан Сагатэльян заявіў, што парлямэнцкая апазыцыя стварыла камітэт, які будзе каардынаваць дзеяньні для адхіленьня прэмʼер-міністра краіны Нікола Пашыньяна ад улады.

Удзельнікі пратэсту, як перадае Armenia Today, перакрылі праспэкт Маштоца ў цэнтры Ерэвана і скандавалі «Нікол — здраднік!», маючы на ўвазе прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыняна.

Мітынгоўцы сабраліся і ля будынка амбасады Расеі ў Ерэване, там ужо дзяжурыць паліцыя. Дэманстранты, якія сабраліся тут, ірвуць расейскія пашпарты і выкрыкваюць «Расея, сыходзь!» і «Імпэрыя зла!».

20 верасьня прадстаўнікі самаабвешчанага Нагорнага Карабаху заявілі аб спыненьні агню з 13.00. Паведамленьне пацьвердзіла міністэрства абароны Азэрбайджану. Улады самаабвешчанай рэспублікі фактычна пагадзіліся на ўсе патрабаваньні азэрбайджанскага боку, які запатрабаваў ад іх распусьціць вайскоўцаў.

Як паведамляе РБК, прадстаўнікі Азэрбайджану перадалі ўладам Нагорнага Карабаху пайменны сьпіс людзей, якіх мусяць перадаць Баку перад адкрыцьцём гуманітарнага калідору ў Армэнію. Сярод іх былыя кіраўнікі непрызнанай рэспублікі, а таксама дзяржаўныя і вайсковыя дзеячы, піша армянская газэта Hraparak з спасылкай на крыніцы.

У Азэрбайджане жыхары таксама выходзяць на вуліцы: яны выказваюць падтрымку палітыцы Баку ў Нагорным Карабаху.

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў 20 верасьня заявіў, што яго краіна дасягнула ўсіх мэтаў за суткі «антытэрарыстычных мерапрыемстваў» у Нагорным Карабаху і «аднавіла свой сувэрэнітэт». У звароце да нацыі Аліеў падкрэсьліў, што ўзброеныя сілы Азэрбайджану «пайшлі б да канца», калі б «незаконныя ўзброеныя фармаваньні ў Карабаху ня склалі зброю».

У выніку абвастрэньня канфлікту ў Нагорным Карабаху загінулі сама меней 200 чалавек, у тым ліку 10 мірных жыхароў (сярод іх 5 дзяцей). Яшчэ больш за 400 чалавек параненыя, сярод іх звыш 40 чалавек — мірнае насельніцтва, заявіў 20 верасьня амбудсмэн непрызнанай рэспублікі Гегам Сьцепанян.

Пасьля пачатку ваеннай апэрацыі ў Нагорным Карабаху 19 верасьня многія жыхары рэгіёну імкнуцца пакінуць яго, аднак эвакуацыя складаная з прычыны абстрэлаў і недахопу транспарту.

Прэзыдэнт ЭЗ Шарль Мішэль у тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым заклікаў паважаць правы этнічных армян у рэгіёне і гарантаваць іх бясьпеку, а таксама неадкладны доступ да гуманітарнай дапамогі.

Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху

Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.

Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.

У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.

Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.

1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.

Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG