Латвійскія кампаніі, нягледзячы на санкцыі, працягваюць забясьпечваць расейскія прадпрыемствы вайскова-прамысловага комплексу мікрасхемамі, якія, у прыватнасьці, выкарыстоўваюцца для вытворчасьці балістычных ракет «Іскандэр», сьцьвярджае ў сваім расьсьледаваньні The Insider.
Пасьля пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, увядзеньня санкцый і ўзмацненьня жорсткасьці экспартнага кантролю, з Латвіі ў Расею, як зазначае выданьне, было імпартавана мікрасхем на мільёны эўра.
У РФ, як удакладняюць расьсьледнікі, увозілася ў тым ліку прадукцыя Рыскага заводу паўправадніковых прыбораў (РЗПП) «Alfa». У гэтага прадпрыемства ў Расеі ёсьць філіял ТАА «Альфа», які, аднак, не займаўся імпартам рыскіх мікрачыпаў. Гэтыя тавары, па дадзеных расьсьледнікаў, да лютага 2022 года ўвозілі ў Расею дзьве фірмы: ТАА «Кампанія Леста-М» і ТАА «Альфа-ЛР».
Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны з імпартэраў, якія закупляюць мікрасхемы ў РЗПП, застаецца «Кампанія Леста-М». Толькі ў контрагентах у яе цяпер лічацца рыская кампанія ALFA RPAR і дзьве, відаць, кітайскія фірмы: Dalian Stella Trading Co. Ltd і Liaoning Jinhechuang Logistics Co. Ltd. На працягу няпоўнага года ваенных дзеяньняў, як падкрэсьліваюць расьсьледнікі, яны закупілі ў РЗПП прадукцыі на $1,7 млн.
Атрыманыя ад названых фірм мікрачыпы «Кампанія Леста-М» пастаўляла прадпрыемствам расейскага вайскова-прамысловага комплексу.