Супольнасьць расьсьледнікаў Conflict Intelligence Team апублікавала здымкі расейскай субмарыны «Ростов-на-Дону», якую 13 верасьня атакавалі ўкраінскія сілы.
Расьсьледнікі прыйшлі да высновы, што падводная лодка атрымала, падобна, два ўдары: першы пашкодзіў насавую частку зьверху, а другі — правы борт субмарыны ў зоне за рубкай.
Супольнасьць расьсьледнікаў, спасылаючыся на ацэнкі нарвэскага незалежнага вайскова-марскога аналітыка Тура Арэ Івэрсэна, паведаміла, што ў выніку двух удараў пашкоджаныя тарпэднае і жылое аддзяленьні, дапаможныя памяшканьні і акумулятарныя батарэі, а таксама прабіты моцны корпус субмарыны.
Па аналізе здымкаў экспэрты выказалі думку, што субмарына выйшла зь дзейнага складу флёту да канца вайны. Тэарэтычна яе рамонт магчымы, але для гэтага лодку неабходна транспартаваць на Адміралцейскія карабельні Санкт-Пецярбургу. Але, хутчэй за ўсё, рамонт падобнага маштабу нерэнтабэльны, прасьцей пабудаваць новую субмарыну гэтай жа клясы, бо іх вытворчасьць працягваецца.
13 верасьня ўкраінскія вайскоўцы нанесьлі ўдар па доку Севастопальскага марскога заводу. У выніку ўдару пашкоджаныя дызэль-электрычная субмарына «Ростов-на-Дону» і вялікі дэсантны карабель «Минск», яны загарэліся.
15 верасьня ў вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі прызналі пашкоджаньні марскіх караблёў катастрафічнымі. Брытанскія выведнікі выказалі думку, што спробы вярнуць караблі ў эксплюатацыю будуць патрабаваць шмат гадоў і сотняў мільёнаў даляраў.