Аб’яднаньне былых беларускіх сілавікоў BelPol апублікавала фільм-расьсьледаваньне аб рэканструкцыі чатырохпавярховага будынку ў цэнтры Менску. Мяркуецца, што гэта новая рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі, расьсьледнікі ацэньваюць яе кошт амаль у $14,4 мільёна.
Рэзыдэнцыя, пра якую расказвае BelPol, месьціцца на вуліцы Чырвонаармейскай, 15. Гэта недалёка ад будынку адміністрацыі Лукашэнкі на вуліцы Карла Маркса. Раней у гэтым будынку знаходзіўся корпус «лечкамісіі», дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости» пісала, што ў ім адкрываюць гарадзкі шматпрофільны клінічны цэнтар.
Ініцыятыва BelPol паведамляе, што атрымала «сотні дакумэнтаў», якія, паводле расьсьледнікаў, ніколі не публікаваліся ў адкрытым доступе: дэталёвыя пляны, дызайн-канцэпцыі, кантракты, дамовы аб пастаўках і каштарыс «на велізарныя сумы грашовых сродкаў, вылучаных зь дзяржаўнага бюджэту».
У відэа апавядаецца пра кошт некаторых дэталяў інтэрʼеру меркаванай рэзыдэнцыі Лукашэнкі. У прыватнасьці, альтанка на прылеглай тэрыторыі каштуе амаль 151 тысячу беларускіх рублёў (гэта каля $60 тысяч, за гэтыя грошы ў Менску можна купіць аднапакаёвую кватэру), чатыры канапы на першым паверсе — амаль 25,2 тысячы (каля $10 тысяч).
Расьсьледнікі на падставе атрыманых дакумэнтаў стварылі візуалізацыю рэзыдэнцыі. Там ёсьць басэйн з асобнай VIP-зонай і «дарожкай Кнайпа» з чатырма ванначкамі для ног з кантраснымі тэмпэратурамі і масажам ступняў. У SPA-зоне — два джакузі, звычайная саўна, крыясаўна, парная і хамам, два «душы ўражаньняў», басэйн, пяць лежакоў, сьнегагенэратар, масажны кабінэт, пакой адпачынку і пакой для посуду.
На другім паверсе працоўная прастора. Там разьмешчаныя кабінэты «начальнікаў структурных падразьдзяленьняў» з асобнымі прымальнямі, дзьве залі для перамоваў, прэс-цэнтар і канфэрэнц-заля на 49 чалавек.
На трэцім паверсе абедная заля зь вітражом на столі коштам больш за 72 тысячы беларускіх рублёў (каля $28,5 тысячы), «пакой для запрошаных», пакой для посуду, памяшканьне для пакаёвак, сэрвэрны пакой, пакой групы аховы і дзяжурнага адʼютанта зь відэасьцяной.
Ёсьць заля для нарадаў з васільковым столевым вітражом за амаль 225 тысяч беларускіх рублёў (каля $79 тысяч), бібліятэка, два электракамінкі, працоўны кабінэт з столевым вітражом за 78,3 тысячы (каля $31 тысячы) і спальня зь мяккімі сьценамі. У ванным пакоі з душам, унітазам і бідэ расьсьледнікі выявілі мыльніцу за 1656 рублёў (каля $660).
На апошнім, чацьвёртым паверсе рэзыдэнцыі месьцяцца тры кабінэты для пэрсаналу, кабінэты начальніка асабістай аховы і асабістага лекара, працэдурны кабінэт.
Агульны кошт усяго абʼекту — 43 645 943 беларускія рублі. BelPol прыводзіць кошт паводле курсу на 1 жніўня 2023 году — амаль $14,4 мільёна.
Ускосна пацьвярджаюць тое, што рэзыдэнцыя пабудаваная для Лукашэнкі, дакумэнты, падпісаныя начальнікам Галоўнага ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Яўгенам Галіным, памяшканьні для адʼютанта і асабістай аховы, адна спальні, адзін працэдурны кабінэт.
У гэты момант у Аляксандра Лукашэнкі ня менш за 17 рэзыдэнцыяў. Іншаземных гасьцей ён часьцей за ўсё прымае ў „Палацы незалежнасьці“, а жыве ў Астрашыцкім Гарадку пад Менскам.
У 2021 годзе выйшаў фільм тэлеграм-каналу Nexta «Лукашэнка. Залатое дно» пра рэзыдэнцыі ды іншыя абʼекты нерухомасьці, якімі, як сьцьвярджаюць, карыстаецца Лукашэнка. Паводле Nexta, на ўтрыманьне гэтай маёмасьці ідуць «дзясяткі мільёнаў даляраў».
Самой элітнай рэзыдэнцыяй аўтары расьсьледаваньня назвалі „Палац незалежнасьці“ ў Менску, у будаўніцтва якога, як заяўляў Лукашэнка, ня ўкладзена «ніводнага рубля бюджэтнага». Аднак на запыт у Міністэрства фінансаў Беларусі аб фінансаваньні будаўніцтва палацу адказалі, што грошы вылучаныя з нацыянальнага і менскага гарадзкога бюджэтаў. Экспэрты сьцьвярджаюць, што толькі на інфраструктуру палацу пайшло 250 мільёнаў даляраў.
Другая ананімная крыніца расказала, што ў палацы ёсьць лазьня, саўна, басэйн, зімовы сад, рабочыя кабінэты, мэдычны кабінэт, збраёўня, вінны склеп і гелікоптэрная пляцоўка. Агульная плошча палацу больш за 50 тысяч квадратных мэтраў.