Праваабаронцы адзначылі, што пасьля зброру і аналізу інфармацыі пра крымінальны перасьлед уладамі Беларусі ўдзельнікаў мірных сходаў падчас і пасьля правядзеньня выбараў прэзыдэнта 2020 году, практыкі вынясеньня і выкананьня прысудаў у дачыненьні да іх, прыйшлі да наступных высноваў:
- свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах;
- улады Беларусі адвольна зьмяшчалі пад варту, асуджалі ў парушэньне прынцыпу вярхоўнасьці права і цяпер працягваюць перасьледаваць у крымінальным парадку ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту;
- улады не прызнаюць сваёй адказнасьці за адвольнае пазбаўленьне волі грамадзян у сувязі з ажыцьцяўленьнем імі правоў і свабод, прадугледжаных абавязковымі для Беларусі міжнароднымі дамовамі;
Таксама ў заяве падкрэсьліваецца азначэньне паняцьця «палітычны зьняволены». Паводле праваабаронцаў, палітвязень — асоба, пазбаўленая волі, калі мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:
- чалавека пазбавілі волі выключна за ягоныя палітычныя, рэлігійныя або іншыя перакананьні, а таксама ў сувязі зь негвалтоўным ажыцьцяўленьнем свабоды думкі, сумленьня і рэлігіі, свабоды выказваньня думак і інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах Эўрапейскай канвэнцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- пазбавілі волі выключна за негвалтоўную дзейнасьць, накіраваную на абарону правоў чалавека і асноўных свабод;
- ці выключна па прыкмеце полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнага, этнічнага, сацыяльнага або радавога паходжаньня, нараджэньня, грамадзянства, сэксуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасьці, маёмаснага становішча ці іншых прыкметах альбо зыходзячы з наяўнасьці ўстойлівай сувязі з супольнасьцямі, аб’яднанымі такімі прыкметамі.
Асуджаныя выключна за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў поўнай меры і безумоўна адпавядалі названым крытэрам у пэрыяд пазбаўленьня іх волі, гаворыцца ў заяве.
Праваабаронцы таксама заклікалі рэабілітаваць 150 былых палітвязьняў і пералічылі іх імёны.
«Мы ацэньваем перасьлед названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак, як палітычна матываваны перасьлед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказваньне свайго меркаваньня ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і іншым грамадзка-значным падзеям.
У дачыненьні да пералічаных былых палітвязьняў мы патрабуем перагляду іх крымінальных спраў з мэтай адмены вынесеных прысудаў, іх поўнай рэабілітацыі зь вяртаньнем усіх відаў шкоды, нанесенай адвольным асуджэньнем і пазбаўленьнем волі», — гаворыцца ў заяве.
Праваабаронцы запатрабавалі ад уладаў Беларусі:
- адмяніць адвольныя прысуды ў дачыненьні да пералічаных у заяве асоб, зрабіць іх поўную рэабілітацыю і пакрыць ім шкоду, нанесеную адвольным крымінальным перасьледам;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарны пэрыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзян краіны.
Заяву падпісалі:
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
- Прававая ініцыятыва;
- Human Constanta;
- Офіс правоў людзей з інваліднасьцю;
- Беларускі ПЭН;
- Беларускі Хэльсынскі камітэт;
- Беларуская асацыяцыя журналістаў;
- Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава;
- Lawtrend.