«Запрашэньне на Гульні ў Парыж пакуль не атрымана. Калі такі дакумэнт будзе, то магчымыя і патрабаваньні да атлетаў. Ці маем мы права, спартовыя чыноўнікі, забараняць ехаць ці ня ехаць? Думаю — не. Кожны спартовец марыць паехаць на Алімпіяду і перамагчы там! Спартоўцы самі прымуць рашэньне, вывучыўшы ўсе ўмовы», — сказаў ён.
Паводле яго, дыялёг зь Міжнародным алімпійскім камітэтам па-ранейшаму вядзецца на «дастаткова сур'ёзным узроўні, каб абмежаваньні былі зьнятыя»:
«Паверце, паважаныя спартоўцы, намаганьні прыкладаюцца сурʼёзныя. Санкцыі, абмежаваньні – гэта, безумоўна, непрыемна. А калі яны перадузятыя і неабгрунтаваныя — гэта вельмі несправядліва», — заявіў ён.
- 28 лютага 2022, неўзабаве пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, якое падтрымаў афіцыйны Менск, Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заклікаў міжнародныя спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю прынялі да выкананьня.
- 28 сакавіка 2023 МАК ужо рэкамэндаваў дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і сымболікі сваіх дзяржаў). Да спаборніцтваў не рэкамэндуецца дапускаць спартоўцаў, якія падтрымліваюць вайну або маюць кантракты з расейскімі або беларускімі вайсковымі ведамствамі або спэцслужбамі.
- Шэраг міжнародных фэдэрацыяў па відах спорту выканаў рэкамэндацыі МАК і пагадзіўся дапусьціць атлетаў зь Беларусі і РФ да сваіх спаборніцтваў. Пры гэтым Міжнародны алімпійскі камітэт не дазволіў беларускім і расійскім спартоўцам удзельнічаць у Азіяцкіх гульнях, якія пройдуць 23 верасьня — 8 кастрычніка ў Кітаі.