Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню за амаль тры гады амбасадарка краіны ЭЗ уручыла копіі даверчых грамат кіраўніку МЗС Беларусі


Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік прыняў копіі даверчых грамат пасла Вугоршчыны Зіты Ілоны Бенчык
Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік прыняў копіі даверчых грамат пасла Вугоршчыны Зіты Ілоны Бенчык

Пра ўручэньне вугорскай дыпляматкай копій даверчых грамат паведаміў МЗС Беларусі ў сваім Twitter.

«Пацьверджана гатоўнасьць да працягу ўзаемапаважлівага дыялёгу і далейшага нарошчваньня супрацоўніцтва ў сфэрах узаемнага інтарэсу», — гаворыцца ў публікацыі МЗС Беларусі ў Twitter, якая суправаджаецца сумесным фатаздымкам Сяргея Алейніка і Зіты Ілоны Бенчык.

На гэта ўжо адрэагаваў прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі. У сваім Twitter ён напісаў:

«Пакуль @HungaryMofa (вугорскае МЗС) падлашчваецца да ўзурпатара, замяшанага ў шматлікіх злачынствах, яно застаецца адзіным выключэньнем, якое падкрэсьлівае агульную пазыцыю ЭЗ адносна нелегітымнасьці Лукашэнкі. ЭЗ — гэта каштоўнасьці, прынцыпы і адзінства. Беларусь будзе праводзіць менавіта такую замежную палітыку».

Апошнім амбасадарам краіны ЭЗ, які ўручыў копіі даверчых граматаў міністру замежных справаў Беларусі, стаў францускі пасол Нікаля дэ Лякост. У сьнежні 2020 году ён уручыў копіі грамат тагачаснаму міністру Ўладзімеру Макею. Але праз год і два месяцы ён пакінуў краіну па патрабаваньні МЗС Беларусі. Прычынай называлася яго адмову ўручыць даверчыя граматы Лукашэнку. Пазьней Лякост, паводле МЗС Францыі, стаў выконваць абавязкі «спэцыяльнага пасланьніка па Беларусі». Пасьля пратэстаў 2020 году супраць фальсыфікацыі выбараў, краіны ЭЗ панізілі свой узровень дыпляматычнай прысутнасьці.

Два месяцы таму копіі даверчых грамат Міністэрству замежных спраў Беларусі па прыбыцьці ў Менск уручыў новы кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Стээн Нёрлё. Пры гэтым тады МЗС Беларусі не паведаміла аб гэтым палітычна жэсьце, як робіць звычайна ў такіх выпадках.

Раней, у лютым 2023 году кіраўнік МЗС Вугоршчыны Пэтэр Сіярта наведаў Менск зь візытам, пасьля якога заявіў, што перадаў беларускаму боку просьбу не рабіць захадаў, якія могуць прывесьці да зацягваньня або пашырэньня вайны ва Ўкраіне.

Пры гэтым Вугоршчына адзіная з Эўразьвязу не падтрымала дакладу АБСЭ аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі. Таксама Вугоршчына дамагаецца, каб з будучага пакету санкцый Эўразьвязу прыбралі трох чалавек, у тым ліку кіраўніка Беларускай чыгункі Ўладзімера Марозава, паведамілі крыніцы Радыё Свабода ў Брусэлі.

Адносіны Вугоршчыны з Эўразьвязам дасягнулі найбольшай напружанасьці ў 2015 годзе ў пытаньні аб міграцыі, калі прэм’ер-міністар краіны Віктар Орбан пабудаваў памежную агароджу і выступіў супраць прыёму ўцекачоў. Прыкладна ў той жа час агенцтва ЭЗ у барацьбе з махлярствам OLAF падняло трывогу з нагоды нямэтавага выкарыстаньня грошай, якія выдзяляюцца Вугоршчыне з агульнага бюджэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG