Паводле крыніц Hrodna.life, шыльды прыбралі не на рамонт, і назад яны могуць не вярнуцца.
10 турыстычных стэндаў з інфармацыяй пра Элізу Ажэшку ўсталявалі на вуліцах Горадні ўлетку 2021-га. Іх адкрыцьцё прымеркавалі да 180-годзьдзя з дня нараджэньня пісьменьніцы. Інфармацыя на стэндах была на трох мовах: беларускай, ангельскай і польскай.
Распрацоўкай праекту займаўся Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы. Фінансы на гэта вылучаў Эўразьвяз.
Эліза Ажэшка лічыцца клясыкам польскай літаратуры, пры гэтым натхнялася беларускімі рэаліямі і жыла ў Беларусі ў XIX — пачатку XX стагодзьдзя. Натхняла і падтрымлівала беларускіх пісьменьнікаў і паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.
- У ліпені 2023 году з будынку горадзенскага чыгуначнага вакзалу зьнік памятны знак паўстанцам 1863 году. Замест яго ўсталявалі дошку, прысьвечаную савецкім падпольшчыкам часоў Другой сусьветнай вайны.
- У сакавіку на Горадзеншчыне, у Зэльве, мясцовыя ўлады дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш.
- Сёлета ў Грозаве і Семежаве зьніклі крыжы, усталяваныя ў памяць герояў Слуцкага збройнага чыну.