Праца ў разьмяшчэньні расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі працягваецца ў адпаведнасьці з вызначаным графікам. Аб гэтым намесьнік міністра замежных спраў Расеі Сяргей Рабкоў заявіў на палях рэгіянальнага сэмінару «Ўмацаваньне рэжыму ядзернага нераспаўсюджваньня», піша ТАСС.
«Разьмяшчэньне [расейскай] тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з графікам, пра якім гаварыў прэзыдэнт Расеі, — адзначыў ён. — Цяпер пройдзена некалькі этапаў у пляне стварэньня адпаведнай інфраструктуры, пераабсталяваньня адпаведных носьбітаў. Гэтая праца працягваецца».
Намесьнік кіраўніка МЗС Расеі ўстрымаўся ад больш дэталёвага выкладаньня сутнасьці рыхтаваньняў і тэрмінаў выкананьня пастаўленых задач, спаслаўшыся на адсутнасьць адпаведных інструкцый:
«Калі кіраўніцтва палічыць магчымым і пажаданым прадставіць падрабязнасьці таго, што адбываецца, гэта будзе зроблена. На сёньня ніякіх дадаткаў або зьменаў да таго, што раней на гэтую тэму агучвалася, у мяне няма», — сказаў дыплямат.
Кіеў: ядзерная зброя ў Беларусі не ўплывае на бясьпеку ва Ўкраіне
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны ў сувязях з грамадзкасьцю Андрэй Юсаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі не зьяўляецца дадатковым фактарам небясьпекі для Ўкраіны.
«Украіна мае велізарную мяжу з Расейскай Фэдэрацыяй. Расейская ядзерная зброя даўно разьмешчана па лініі гэтай мяжы. Нечага новага для нас у гэтым пляне няма, як, урэшце, няма і для краін NATO, бо ядзерную зброю даўно разьмясьцілі ў Калінінградзкай вобласьці каля межаў Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Гэта ў большай ступені ядзерны шантаж і павышэньне ставак, хоць, вядома, на гэта трэба зьвяртаць увагу», — сказаў Андрэй Юсаў у інтэрвію ўкраінскаму агенцтву Укрінформ.
- 13 чэрвеня падчас паездкі ў Менскую вобласьць Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. Да інтэрвію ён сказаў прадстаўнікам дзяржаўных мэдыя, што гатовы «неадкладна і без ваганьняў» прымяніць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
- 16 чэрвеня прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён неаднаразова заяўляў, што прыменіць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.