У Міністэрстве замежных спраў Кубы заявілі, што раскрылі сетку гандлю людзьмі, празь якую ў Расеі вэрбавалі кубінскіх грамадзян на вайну ва Ўкраіну.
«Міністэрства ўнутраных спраў выявіла і працуе над нэўтралізацыяй і ліквідацыяй сеткі гандлю людзьмі, якая дзейнічае з Расеі, каб уключаць грамадзян Кубы, якія пражываюць там, і нават некаторых, якія пражываюць у Кубе, у вайсковыя сілы, што ўдзельнічаюць у ваенных апэрацыях ва Ўкраіне. Такія спробы былі нэўтралізаваныя, а на асоб, якія мелі дачыненьне да гэтых дзеяньняў, завялі крымінальныя справы», — адзначаецца ў адпаведнай заяве МЗС Кубы, апублікаванай 4 верасьня.
У Гаване падкрэсьлілі, што такія дзеяньні чыняць «ворагі» краіны, каб ачарніць яе імідж і прадставіць саўдзельніцай дзеяньняў, якія Куба «рашуча не прымае».
У дыпляматычным ведамстве краіны заявілі, што Куба ня ўдзельнічае ў вайне ва Ўкраіне.
«Яна [Куба] дзейнічае і будзе дзейнічаць рашуча супраць тых, хто на нацыянальнай тэрыторыі ўдзельнічае ў любой форме гандлю людзьмі з мэтай найміцтва або вэрбаваньня, каб кубінскія грамадзяне маглі ўзяць зброю супраць любой краіны», — дадаецца ў заяве.
Расейскі бок пакуль не камэнтаваў гэтай заявы Гаваны.
Як паведаміла агенцтва Reuters, у траўні 2023 году разанская расейская газэта паведаміла, што некалькі грамадзян Кубы падпісалі кантракты з расейскімі ўзброенымі сіламі і былі адпраўленыя ва Ўкраіну ў абмен на расейскае грамадзянства.
Ва Ўкраіне ваююць прадстаўнікі розных краін — як на баку Расеі, так і Ўкраіны.