«Генэрал Сяргей Суравікін выйшаў. Жывы, здаровы, дома, зь сям’ёй, у Маскве. Фота сёньняшняе», — падпісала Сабчак фатаздымак. Адкуль у яе фота, яна не паведаміла.
На фота генэрал у цывільным адзеньні ідзе ў суправаджэньні жанчыны (Расейскае выданьне «Коммерсантъ» піша, што гэта жонка Суравікіна) меркавана па двары загараднага дому. Надворʼе на здымку летняе.
Раней са спасылкай на свае крыніцы тая ж Сабчак і былы галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў, а таксама розныя СМІ і тэлеграм-каналы паведамлялі, што генэрал пасьля 24 чэрвеня фактычна быў пазбаўлены волі, аднак знаходзіўся не ў СІЗА, а ў іншым месцы. Сьцьвярджалася, што яго дапытвалі пра магчымае дачыненьне да арганізацыі збройнага паходу на Маскву, арганізаванага нябожчыкам Яўгеніем Прыгожыным. На адсутнасьць Суравікіна зьвяртала ўвагу замежная прэса. Слова «выйшаў» у камэнтары Сабчак, выглядае, павінна служыць пацьвярджэньнем таго, што генэрал сапраўды быў абмежаваны ў свабодзе.
Сёньня ж міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу адмовіўся адказваць на пытаньне аб тым, ці вядзецца сьледзтва ў дачыненьні да генэрала Суравікіна. Пасьля прэс-канфэрэнцыі па выніках расейска-турэцкіх перамоваў журналісты спыталі ў яго: «Што з Суравікіным і ці вядзецца ў дачыненьні да яго расьсьледаваньне?» Міністар на пытаньне не адказаў.
У жніўні генэрал быў — як паведамлялі СМІ — афіцыйна зьняты з пасады кіраўніка Паветрана-касьмічных сілаў Расеі. Тады паведамлялася, што Суравікін ня звольнены з войска, ён застаецца ў распараджэньні Мінабароны. Крэмль гэтага не пацьвярджаў і не абвяргаў.
Сяргей Суравікін камандаваў расейскімі войскамі ва Ўкраіне з кастрычніка 2022 па студзень 2023 году. Зь ягоным імем зьвязвалі, у прыватнасьці, кампанію ўдараў па энэргасыстэме Ўкраіны, а таксама сыход расейскіх войскаў з Херсону і з усёй правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці. У студзені яго перавялі на пасаду намесьніка камандуючага, у падначаленьне кіраўніка генштабу Валерыя Герасімава. У той жа час з 2017 году Суравікін займаў пасаду камандуючага паветрана-касьмічнымі сіламі Расеі.
У чэрвені гэтага году, падчас так званага «мяцяжу вагнэраўцаў», Суравікін запісаў відэазварот да наймітаў ПВК «Вагнэр», заклікаўшы іх вярнуцца ў месцы дысьлякацыі. У СМІ раней зьяўляліся паведамленьні пра сувязі Суравікіна з заснавальнікам ПВК Яўгеніем Прыгожыным, які ўзначаліў выступленьне вагнэраўцаў. Выказваліся розныя здагадкі наконт таго, дзе можа знаходзіцца Суравікін. Прыгожын 23 жніўня загінуў у авіякатастрофе, абставіны якой ня высьветленыя.