Падчас жывой трансьляцыі суразмоўцы абмяркоўвалі пэрспэктывы беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў, сытуацыю ў Беларусі і прававыя праблемы беларусаў ва Ўкраіне.
Паводле Падаляка, сур'ёзна да Лукашэнкі ва Ўкраіне ніхто ня ставіцца на ніводным з узроўняў улады. «Мы ня бачым у яго пэрспэктываў з пункту гледжаньня палітыка, які нешта можа прапанаваць Беларусі. Ён трымае Беларусь у закладніках – гэта несумненна, асабліва пасьля 2020 году», – сказаў Падаляк.
Ён нагадаў, што прэзыдэнт Зяленскі проста гаворыць аб тым, што пасьля падзеньня расейскага рэжыму ў Беларусі пачнецца эпоха палітычнай трансфармацыі.
Міхайла Падаляк адзначыў, што неўрэгуляваныя прававыя пытаньні беларусаў ва Ўкраіне, у тым ліку палка Каліноўскага, добраахвотнікаў і валянтэраў, немагчыма вырашыць цяпер у поўным абʼёме. Але «шукаюцца сыстэмныя рашэньні» і будзе арганізавана нефармальная група, якая будзе рэагаваць пры ўзьнікненьні крызісаў.
Дэлегацыя беларускіх дэмсілаў сустракалася з Падаляком у Кіеве сёлета ў жніўні.