Размова ідзе аб фінансаваньні новых пастановак і правядзеньні гастроляў, а таксама аплаце камунальных паслугаў, эксплюатацыйных выдаткаў і выплаце заробкаў.
Бягучы і капітальны рамонт, набыцьцё абсталяваньня і іншых асноўных сродкаў будуць фінансавацца ў поўным аб’ёме за кошт бюджэтных сродкаў. Сродкі бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі могуць выдаткоўвацца на выплату ўзнагароджаньняў работнікам дзяржаўных арганізацыяў культуры.
Новая сыстэма фінансаваньня будзе дзейнічаць да канца наступнага году.
Палажэньні ўказу супярэчаць словам Лукашэнкі, які 14 лютага на нарадзе з кіраўніцтвам ураду адхіліў праект указу, які ішоў насуперак яго даручэньню — сума сродкаў, якія выдзяляюцца зь бюджэту, на падтрымку тэатраў не павінна быць большай, чым гэтыя культурныя ўстановы самі зарабляюць.
«Якія вы яшчэ грошы ў мяне просіце? 50% мы даём тэатрам датацыю, — цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба. — Тым тэатрам практычна, якія ў 2020 годзе выступілі за зьнішчэньне дзяржавы?».
Старшыня Камітэту дзяржкантролю Васіль Герасімаў канстатаваў, што тэатры фізычна не заробяць столькі, колькі трэба на сталыя выдаткі, нават з улікам роўнай гэтаму даходу дзяржпадтрымкі.
Лукашэнка пагадзіўся, што «гэта няпроста», але заявіў, што ў сёньняшніх умовах «інакш нельга», бо «неабходна вучыцца зарабляць грошы і быць эканомнымі». Паводле яго слоў, «нельга безаглядна аплачваць тэатрам усе выдаткі».
У 2020 годзе шэраг дзеячоў культуры падтрымалі пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў.
У выніку ў тэатрах прайшлі звальненьні з палітычных матываў. Так, зь Вялікага тэатру звольнілі заслужанага дырыгента Андрэя Галанава, саліста Ільлю Сільчукова, артыстаў аркестру Рэгіну Саркісаву, Алу Джыган, Аляксандру Пацёміну і галоўнага дырыгента Вячаслава Чарнуху-Воліча.
Пазьней не працягнулі кантракт з народным артыстам Беларусі барытонам Уладзімерам Пятровым. Вымушаныя былі пакінуць тэатар мэца-сапрана Натальля Акініна і яшчэ некалькі музыкаў.
З Нацыянальнага тэатру Янкі Купалы ў жніўні 2020-га звольнілася больш за 50 чалавек, якія падтрымалі пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і рэпрэсіяў. Цяпер многія зь іх — акторы трупы «Купалаўцы».