Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы «міністар абароны» данецкіх сэпаратыстаў, арыштаваны Стралкоў мае намер вылучыцца на пасаду прэзыдэнта Расеі


Ігар Стралкоў на судзе над ім, 21 ліпеня 2023
Ігар Стралкоў на судзе над ім, 21 ліпеня 2023

Былы «міністар абароны» данецкіх сэпаратыстаў Ігар Стралкоў (Гіркін), арыштаваны ў Расеі па абвінавачаньні ў закліках да экстрэмісцкіх дзеяньняў, заявіў пра намер удзельнічаць у выбарах расейскага прэзыдэнта ў 2024 годзе.

Сваё рашэньне Стралкоў абгрунтаваў тым, што лічыць сябе лепшым за цяперашняга прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна адразу ў некалькіх аспэктах. Паводле яго слоў, Пуцін занадта даверлівы і добры, а таксама мае «вельмі шмат сяброў мільярдэраў і іншых бізнэсоўцаў, якім ён ня можа ні ў чым адмовіць» — у адрозьненьне ад яго, Стралкова.

Таксама Стралкоў называе сябе «больш кампэтэнтным у вайсковай справе», чым Пуцін і кіраўнік Мінабароны Сяргей Шайгу. Пры гэтым ён прызнае, што «не настолькі спартыўны і здаровы», якім быў Пуцін у яго гады, таму «надакучаць» выбаршчыкам дваццаць зь лішнім гадоў ня зможа чыста фізычна.

Стралкова арыштавалі ў канцы ліпеня 2023 году за пасты з крытыкай расейскіх уладаў, у якіх сьледзтва ўгледзела заклікі да экстрэмізму. У СІЗА Стралкоў прабудзе як мінімум да канца верасьня. Паводле артыкула яму пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Згодна з заканадаўствам у выпадку абвінаваўчага прысуду Стралкоў балятавацца на пасаду прэзыдэнта РФ ня зможа.

  • У лістападзе 2022 году Стралкоў быў завочна асуджаны судом у Гаазе на пажыцьцёвае зьняволеньне за дачыненьне да катастрофы пасажырскага самалёта «Малайзійскіх авіялініяў» у Данбасе ў 2014 годзе. Тады загінулі 298 чалавек.
  • Стралкоў ня ўдзельнічаў у судовым працэсе і адмаўляе віну. Стралкоў атрымаў вядомасьць у 2014 годзе, калі ўзначалены ім атрад зь дзясяткаў грамадзян РФ пры падтрымцы сэпаратыстаў захапіў украінскі горад Славянск у Данецкай вобласьці. З баёў у Славянску фактычна пачалася вайна ў Данбасе.
  • Цяпер Стралкоў — адзін з актыўных прыхільнікаў вайны Расеі супраць Украіны. Пры гэтым зь яе пачатку ён рэзка крытыкаваў расейскае вайсковае камандаваньне за няўдачы на фронце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG