Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Чаму літоўцы баяцца беларускіх «літвінаў»


Фотакаляж. Тры беларускія жанчыны ў народных строях, літоўскія музыкі, вежа замку Гедзіміна ў Вільні, Сяргей Шупа
Фотакаляж. Тры беларускія жанчыны ў народных строях, літоўскія музыкі, вежа замку Гедзіміна ў Вільні, Сяргей Шупа

У суседняй зь Беларусьсю Літве, якая гасьцінна прыняла Офіс дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай і дзясяткі тысяч палітычных уцекачоў, узьнікла праблема. Літоўцы занепакоіліся праявамі так званага «літвінізму» сярод беларусаў і, як яны лічаць, «прэтэнзіямі беларусаў на іх гісторыю».

Ці апраўданыя страхі Літвы? І што трэба зрабіць, каб беларусам паразумецца зь літоўцамі? Пра гэта мы гаворым зь беларускім журналістам, літаратарам і перакладчыкам, у тым ліку зь літоўскай мовы, Сяргеем Шупам.

0:00 – што прывяло да пагаршэньня стаўленьня да беларусаў у Літве?

5:15 – як у Беларусі і Літве разумеюць тэрміны «літвіны» і «літвінізм», у чым розьніца?

11:48 – калі і чаму разышліся палітычныя шляхі літоўцаў і беларусаў, народаў, паміж якімі ў гістарычным часе да 1991 году ніколі не было мяжы?

18:06 – апошнія спробы беларусаў захаваць ВКЛ

22:39 – што трэба зрабіць, каб літоўцы прызналі важную ролю беларусаў у гісторыі ВКЛ

Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі зь Сяргеем Шупам:

— Выглядае, што беларусы і літоўцы паняцьці «літвіны» і «літвінізм» разумеюць па-рознаму. Ці так гэта і ў чым розьніца, у чым праблема?

— Найвялікшая праблема ў тым, што два суседнія народы, зьвязаныя шматвяковай гісторыяй, даволі мала ведаюць адзін пра аднаго. Беларусы мала ведаюць, чым жывуць літоўцы, а літоўцы мала ведаюць, чым жывуць беларусы, што яны абмяркоўваюць, што іх палохае, на што яны спадзяюцца. Паміж гэтымі народамі вырас нейкі кітайскі мур неразуменьня.

Ёсьць і моўны бар’ер. Літоўцам тут трошкі прасьцей, яны больш будуць разумець па-беларуску. Напрыклад, гісторыкі могуць чытаць працы сваіх беларускіх калег. А ўжо для беларусаў літоўская мова не заўсёды такая простая. Тут нават Google Translate не заўсёды дапаможа, калі ты ня ведаеш гэтую мову больш дасканала.

І на глебе гэтага неразуменьня і няведаньня ўзьнікаюць праблемы. Калі адзін народ ня ведае іншы, то ён яго пачынае баяцца, а страх часам пераліваецца ў нецярпімасьць. І вось гэтага трэба было б пазьбягаць.

Тое самае адбылося і з тэрмінам «літвін». Напэўна, ня кожны сярэдні літовец ведае, што ў беларускай мове гэты тэрмін мае тры-чатыры-пяць розных значэньняў. Хоць яны блізкія, але розныя. «Літвін» — гэта і гістарычная назва этнічных літоўцаў, успомнім пра Міхалона Літвіна, які быў этнічным літоўцам. І вось мне ўспамінаюцца перасьпевы Янкі Купалы баляды Адама Міцкевіча «Тры Будрысы»:

Стары Будрыс трох сынаў, як сам, ёмкіх літвінаў
На дзядзінец заве і гавора:
Коні з пашы вядзеце; зброю, сёдлы браць з клеці!
А спраўляцца мне жвава і скора.

Тут адназначна называецца прадстаўнік балцкага этнічна народу, гэта сёньняшнія літоўцы.

«Літвін» — гэта і палітонім, які азначае жыхара Вялікага Княства Літоўскага.

«Літвін» — гэта ўжо ў часы палянізацыі частка польскамоўных людзей, перадусім шляхты Вялікага Княства Літоўскага, яны сабе называлі «літвінамі» часта незалежна ад паходжаньня і нават ад этнаканфэсійнай прыналежнасьці.

«Літвін» — у вузейшым рэгіянальным сэнсе гэта экзаэтнонім. Гэта значыць, не саманазва, але тое, як называюць жыхароў канкрэтнай тэрыторыі звонку, жыхары памежных тэрыторый. Напрыклад, прадстаўнікі ўкраінскага этнасу і палескага субэтнасу так называюць сваіх паўночных суседзяў, які гавораць ужо беларускімі гаворкамі. Беларусаў называюць «літвінамі» або «лытвінамі» ад Падляшша аж да Браншчыны.

Але самі сябе беларусы там так не называюць, яны называюць сябе беларусамі, як, дарэчы, і палешукі.

Але на цэлую Беларусь гэты тэрмін як саманазва не пашыраецца. Хоць часам у гістарычнай літаратуры, скажам, ХІХ стагодзьдзя, калі яшчэ беларусы ня вызначыліся са сваёй назвай, гэта яшчэ так бы мовіць, кувыркалася ў навуковай літаратуры.

Ну і плюс новыя «літвіны», «літвіны 2.0», якія кажуць, што трэба адмаўляцца ад тэрмінаў «Беларусь» і «беларусы», што «Літва» — гэта насамрэч Беларусь, а «літвіны» — гэта беларусы. І гэта вось яшчэ адно значэньне зь пералічаных.

Літоўцы рэагуюць на ўсе гэтыя тэрміны ў беларускіх вуснах і з падазрэньнем глядзяць на ўсіх, хто іх ужывае, надта не разьбіраючыся, у якіх канкрэтна кантэкстах і ў якім значэньні.

— А што ты наогул думаеш пра беларускіх «літвінаў», у прыватнасьці пра тых, хто марыць пра Літву Міцкевіча і Сыракомлі? Здаецца, тая Літва адышла незваротна. Адзін з прыхільнікаў гэтай Літвы нядаўна напісаў нават, што ёсьць вялікая розьніца паміж тэрмінамі «літвін» і «ліцьвін».

— Не, гэта ўжо абсалютна пошукі чорнага ката ў цёмным пакоі. Гэта чыста лінгвістычнае пытаньне, ці паляталізуецца «т», ці не паляталізуецца.

Што тычыцца спадчыны тых польскамоўных літвінаў пачатку ХІХ стагодзьдзя, калі нараджаюцца новыя нацыі ў эпоху рамантызму... Літвіны накшталт Міцкевіча, Зана і іх кола, калі казалі: «Litwo, Ojczyzno moja!», то шукалі гэтую айчыну ў тым ліку і ў Беларусі, шукалі і беларускі фальклёр, але нярэдка называлі яго і крывіцкім, і літвіна-рускім. Гэта ўсё яшчэ былі пошукі назвы для гэтага народу, якая б адрозьнівала яго ад суседзяў — і ад палякаў, і ад расейцаў, і ад літоўцаў балцкіх, і ад украінцаў. І гэты працэс завяршыўся больш-менш у сярэдзіне — у канцы ХІХ стагодзьдзя, фактычна, першым беларускім нацыянальным маніфэстам — прадмовай да «Дудкі беларускай» Багушэвіча.

Багушэвіч як бы за ўсіх нас зрабіў гэты выбар, і ад таго часу гэты этнас, гэтая новая палітычная нацыя пачала разьвівацца, узяўшы за нулявы пункт адліку гэты маніфэст.

— Калі і чаму разышліся палітычныя шляхі літоўцаў і беларусаў, народаў, паміж якімі ў гістарычным часе да 1991 году ніколі не было мяжы?

— Так, сапраўды, мяжы паміж літоўцамі і беларусамі ніколі не было. А ў 1991 годзе яна ўзьнікла, і пачаўся адлік новага пэрыяду сужыцьця гэтых двух народаў.

А пачалося ўсё ў ХІХ стагодзьдзі, калі пачалі актыўна фармавацца зародкі новых палітычных нацый. Мы ўжо гаварылі пра выбар назвы «беларусы» для нашага народу. У літоўцаў гэтая кропка была пастаўленая троху пазьней.

Было паўстаньне 1863–1864 гадоў, якое ў пляне фармаваньня новай нацыі было для нас катастрафічным у тым, што само паўстаньне ніякіх беларускіх лёзунгаў ня ставіла, яно дало нам толькі Кастуся Каліноўскага, які першы пачаў думаць пра сябе як пра беларуса, але яшчэ 50 гадоў ягоныя думкі, якія ён выснаваў...

— Не, калі так лічыць, то менш за трыццаць, да Багушэвіча. А перад ім яшчэ былі і гоманаўцы.

— Але ўсё роўна, яны не далі штуршок шырокаму народнаму ўсьведамленьню сябе як беларусаў. А ў Літве было троху інакш. Там паўстаньне таксама вельмі моцна спыніла гэтыя працэсы, і яны перамясьціліся ў Малую Літву, гэта колішняя ўсходняя Прусія, цяперашняя падрасейская Калінінградзкая вобласьць.

Літоўскі маніфэст, які можна параўнаць з Багушэвічавым, выйшаў у 1883 годзе ў першым нумары месячніка «Аўшра» («Зара»), што друкаваўся ў Малой Літве, у Прусіі. І там Ёнас Басанавічус, патрыярх нацыянальнага адраджэньня Літвы, выступіў з праграмнай прадмовай, якая запусьціла гэты часопіс. Там ён і вызначыў гэтую пераемнасьць. Там яна гучыць так: мы, літоўцы, страцілі амаль усё, у нас засталася толькі мова, і трэба за мову трымацца, каб ня зьнікнуць зусім; раней мы былі мацнейшыя, нас было болей, але вельмі шмат нашых людзей перайшлі на мовы тых народаў, пад панаваньнем якіх яны апынуліся. І яны, піша далей Басанавічус, абнямечыліся і абславяніліся. І расшыфроўвае гэтае абславяненьне: яны апынуліся сярод палякаў і сярод беларусаў (пры гэтым ужывае тэрмін «гудас»), яны перанялі іх мову, і ніякай карысьці ні Літве, ні тым народам гэта не прынесла, дык давайце ўспамінаць пра нашу слаўную мінуласьць. Там хоць не называецца даслоўна Вялікае Княства Літоўскае, але кантэкст абсалютна ясны.

І вось гэты маніфэст паставіў на парадак дня пункт адліку новай нацыі — яна азіраецца на былую славу, на былое Княства, але робіць стаўку на этналінгвістычны кампанэнт, і новая нацыя разьвіваецца як этна-лінгвістычная. Яны не хацелі аднаўляць былое Княства ў яго полікультурным, поліэтнічным, полірэлігійным сэнсе, а ўзяліся ратаваць тое, што можна было ўратаваць. Таму што калі б тады, у 80-я гады ХІХ стагодзьдзя, яны б сказалі: маўляў, давайце аднаўляць ВКЛ такім, якім яно было — палянізаванае, зь беларускім кампанэнтам, зь літоўскім, з жамойцкім, а там неяк разьбярэмся, — то ў іх магло б нічога ня выйсьці. Таму што ўсе тады цягнулі за сваё.

І так гэтыя пазыцыі вызначыліся. Бо, як мы памятаем, у прадмове да «Дудкі беларускай» ніякіх адсылак да Вялікага Княства Літоўскага не было.

[Памылка памяці. Насамрэч Багушэвіч пайшоў далей за Басанавічуса. Ён згадаў і пра «Літву», і пра «сільнае каралеўства», у якое былі злучаныя Літва і Беларусь. Адзін з двух абзацаў, у якіх Багушэвіч робіць гістарычны экскурс, гучыць так: «Ужо больш як пяцьсот гадоў таму, да панаваньня князя Вітэнэса на Літве, беларусія разам зь Літвой баранілася ад крыжацкіх напасьці, і шмат местаў, як Полацак, прызнавалі над сабой панаваньне князёў Літоўскіх, а посьле Вітэнэса Літоўскі князь Гедымін злучыў сусім беларусію зь Літвой у адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседаў. Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра-ракі да Нёмана; ад Каменьца места аж да Вязьмы — у сярэдзіне Вялікарос'і; ад Дынабурга і за Крамяньчык, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца — Беларусь! Можа хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...» — РС]

Там акрэсьленая тэрыторыя, ядро каторай займала так званая «Русь» з той трыяды ВКЛ...

— Не, Горадня, напрыклад, там ёсьць.

— Ёсьць, але ты ня можаш узяць тую тэрыторыю і акрэсьліць яе як «Літву», бо там ён далёка на ўсход сягае ледзь не да Таржка і Бранска. Там ужо Літвой ня пахла, таму ён пра гэта не гаворыць.

Вядома, частка гэтай гістарычнай Літвы супадае з мапай, якую намаляваў Карскі, але наўрад ці ўжо гэта ўсё можна назваць Літвой.

І Багушэвіч проста выбраў назву «Беларусь», якая калісьці, у XVI–XVII стагодзьдзях, ахоплівала Падняпроўе і Падзьвіньне, а пасьля перамяшчалася далей і далей на захад. І недзе бліжэй да ХХ стагодзьдзя яна супала з тым, што ў нашым уяўленьні геаграфічна зьяўляецца Беларусьсю.

— У ХХ стагодзьдзі літоўцы разуменьне сваёй сучаснай этнічнасьці экстрапалявалі ў гісторыю, у часы існаваньня Вялікага Княства Літоўскага, і гэтая дзяржава аказалася ў іх вачах літоўскай у сёньняшнім разуменьні. У выніку сёньня шмат каму вельмі цяжка прызнаць значную ролю славян у гісторыі ВКЛ і ў гісторыі Вільні. Што тут можна зрабіць? Ці магчыма скарэктаваць гістарычную адукацыю ў Літве так, каб, фігуральна кажучы, 9-ы артыкул 3-га разьдзелу Статуту ВКЛ 1566 году пра тое, што дзяржаўныя і духоўныя пасады ў дзяржаве могуць займаць толькі патомныя ўраджэнцы ВКЛ, «Літвін і Русін», стаў шырокавядомы? Інакш кажучы, каб роля беларусаў і іх культуры ў гісторыі ВКЛ была ў Літве прызнаная і каб гэтага ніхто не баяўся?

— Гэта праца, якая стаіць перад намі і перад літоўцамі.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:

Чаму літоўцы баяцца беларускіх «літвінаў»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:31:08 0:00
Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG