Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы заявілі, што могуць адкрыць пункты пропуску, калі Лукашэнка выканае дзьве ўмовы


Пункт пропуску на польска-беларускай мяжы
Пункт пропуску на польска-беларускай мяжы

Пра магчымасьць адкрыцьця пунктаў пропуску на польска-беларускай мяжы ў выпадку выкананьня канкрэтных умоваў расказаў у эфіры TVPinfo намесьнік міністра ўнутраных спраў Мацей Вонсік, камэнтуючы вынікі кансультацый польскага МУС з краінамі Балтыі.

«Паглядзім, як будзе паводзіць сябе Беларусь, ці рэжым у асобе Лукашэнкі», — сказаў Мацей Вонсік.

Ён зазначыў, што разьлічвае на зьмякчэньне палітыкі Менску.

«Я спадзяюся, што памякчэе ў многіх вымярэньнях, ня толькі ў міграцыйнай палітыцы, але і ў гульні цягліцамі. Ня трэба, каб за нашай мяжой стаяла група злачынцаў, якую ўтрымлівае Лукашэнка, група „Вагнер“ ці частка яе, гатовая на ўсё. Гэта людзі з баявым досьведам, з досьведам забойстваў. Мы чакаем, што Лукашэнка пазбавіцца гэтых людзей. Таксама гэта пэўная праблема ў пэрспэктыве для Лукашэнкі, бо калі ім нешта не спадабаецца ў Беларусі (беларускае войска слабае), могуць проста паехаць на Менск, як ехалі на Маскву. Гэта будзе ім нашмат прасьцей, тым больш што яны стаяць бліжэй да Менску, чым стаялі да Масквы», — сказаў Вонсік.

Таксама, адзначыў ён, пытаньне датычыцца і міграцыйнай палітыкі. Ціск на мяжу, на ягоную думку, павінен быць паніжаны.

«Калі Беларусь ня хоча быць ізаляванай, то мусіць пачаць супрацоўнічаць. Гэта, відавочна, павінна быць аплачана Беларусі. Можа быць, адкрыем частку памежных пераходаў, закрытых цяпер. Але калі супрацоўніцтва і рэакцыі з другога боку ня будзе, то ў пэўны момант усе тры краіны, Польшча, Літва і Латвія, закрыюць усе памежныя пераходы, ня толькі дарожныя, але і чыгуначныя, і Беларусь фактычна будзе адрэзана ад Эўропы», — сказаў ён.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG