З просьбай падтрымаць «эўрапейскі курс для Беларусі», прадэкляраваны ў заяве дэмакратычных сіл, зьвярнулася да прэзыдэнткі Славеніі Наташы Пірц-Мусар кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэта Сьвятлана Ціханоўская.
Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў BPN, што яна сустрэлася з кіраўніцай славенскай дзяржавы 29 жніўня.
Ціханоўская падзякавала Славеніі за падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў у міжнародных арганізацыях, паведаміла пра сытуацыю з расейскімі войскамі і вагнэраўцамі на тэрыторыі Беларусі, зьвярнула ўвагу на ўзрослую пагрозу незалежнасьці краіны.
Яна расказала суразмоўцы пра «крытычную сытуацыю з палітычнымі вязьнямі, адсутнасьць камунікацыі зь імі, неабходнасьць захадаў па іх вызваленьні», падкрэсьліў Вячорка.
Ціханоўская павіншавала Славенію з абраньнем нясталым сябрам Рады Бясьпекі ААН і выказала спадзеў, што Любляна там «зможа адвакатаваць інтарэсы беларусаў».
У сваю чаргу Пірц-Мусар «выказала падтрымку дэмакратычным сілам і беларускаму народу».
Ціханоўская таксама правяла сустрэчы з кіраўнікамі МЗС Канады і Славаччыны.
Зь міністрам замежных спраў Славаччыны Міраславам Улахоўскім у рамках Міжнароднага стратэгічнага форуму ў славенскім Бледзе Ціханоўская абмеркавала сытуацыю з палітвязьнямі ў Беларусі, прысутнасьць групы «Вагнэра» ў краіне і падтрымку Беларусі.
«Я падкрэсьліла неабходнасьць для жорсткага адказу на расейскія атакі на нашу незалежнасьць», — напісала Ціханоўская, у твітэры.
У сваю чаргу Ўлахоўскі запэўніў прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл у падтрымцы Славаччыны.
«Яны заслугоўваюць нашай салідарнасьці і дапамогі ў іх барацьбе за свабоду і дэмакратыю», — заявіў ён.
Зь міністрам замежных спраў Канады Мэлані Жолі Ціханоўская таксама ўзьняла пытаньне неабходнасьці ціску на афіцыйны Менск.
«Мы абмеркавалі пастаноўку беларускага пытаньня ў рамках Генэральнай Асамблеі ААН і „Вялікай сямёркі“, прыцягненьне рэжыму да адказнасьці, арышт яго актываў і ўзмацненьне санкцыйнага ціску, падтрымку нашага народу», — расказала Сьвятлана Ціханоўская.