Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінка ўзяла імя па маці, а не па бацьку, і стала Станіславай Лесіеўнай


Станіслава Лесіеўна Літвіненка
Станіслава Лесіеўна Літвіненка

16-гадовая ўкраінка першай у краіне зьмяніла свае дакумэнты, упісаўшы ў іх імя па маці (матронім) замест імя па бацьку: «Мама для мяне шмат зрабіла, і я хачу ў сваім імені яе ўшанаваць».

Рашэньне яна патлумачыла тым, што ня мае зносін зь біялягічным бацькам, а маці выхоўвала яе разам з айчымам і шмат для яе зрабіла, і дзяўчына хоча ў адказ праявіць да яе павагу.

Закон, які дазваляе выкарыстоўваць матронім замест патроніма ў дакумэнтах, быў прыняты ва Ўкраіне яшчэ ў 2021 годзе, але Станіслава стала першай, хто ім скарыстаўся.

Яшчэ нядаўна Станіслава насіла іншае імя. Яна была Анастасіяй Мікалаеўнай Пасюцінай. Але цяпер яна Станіслава Лесіеўна Літвіненка. Узамен прозьвішча біялягічнага бацькі дзяўчына ўзяла прозьвішча айчыма, які яе выхаваў. Імя яна выбрала тое, якім мама хацела назваць яе пры нараджэньні, а імя па бацьку зьмяніла на імя па маці.

«Я проста такім учынкам хацела ўшанаваць маму. У мяне ёсьць брат, ён Іванавіч. А я буду Лесіеўна, — тлумачыць Станіслава. — У нас бацькі абое вельмі крутыя, і я абаімі вельмі ганаруся. Але мама для мяне вельмі шмат чаго зрабіла, і для мяне было такім прыродным рашэньнем, што я хачу ў сваім імені ўшанаваць маці».

Станіслава кажа, што пра зьмену прозьвішча, імя і імя па бацьку пачала задумвацца яшчэ ў 14 гадоў, але тады па законе для гэтага ёй патрэбная была згода абаіх бацькоў. Зь біялягічным бацькам дзяўчына не падтрымлівае сувязь, а яе маці спачатку ідэю таксама не ўхваліла.

«Ёй тады 14 гадоў было, і я была катэгарычна супраць, таму што яна яшчэ была зусім дзіця. Напэўна, было б няправільна прымаць такія кардынальныя рашэньні, — гаворыць Леся Літвіненка, маці Станіславы. — І мы ёй сказалі: „Стася, два гады наперадзе. Калі ты да таго часу не перагарыш і сапраўды будзеш бачыць у гэтым патрэбу, тады ўжо будзем гаварыць“».

Станіслава дачакалася, пакуль ёй споўніцца 16. З гэтага ўзросту закон Украіны, які дзейнічае з 2021 году, дазваляе ўкраінцам і ўкраінкам мяняць імёны, прозьвішча і імя па бацьку на якое заўгодна. І яна ім скарысталася па поўнай праграме.

«Спачатку трэба пайсьці ў ЗАГС. Ты афармляеш там усю гэтую працэдуру, там нескладаныя дакумэнты трэба прынесьці. Тое, што я зараз памятаю, — гэта пасьведчаньне аб нараджэньні, пашпарт і даведка аб месцы жыхарства, — успамінае Станіслава. — Я перапытала ў жанчыны, якая мяне афармляла: „Ці магу я стаць Лесіеўнай?“. Яна сказала: „Так, без праблем“. Законам гэта не забараняецца. І мне нават тлумачыць нічога не прыйшлося!»

Поўная зьмена прозьвішча, імя і імя па маці заняла ў Станіславы чатыры месяцы. Леся, мама Стасі, перакананая, што менавіта яе выхаваньне паўплывала на выбар дачкі: яна як маці стала для яе прыкладам шчасьлівай і моцнай жанчыны.

«Мне было вельмі прыемна, калі яна атрымала пашпарт, аж да сьлёз. Думаю: „Божа, гэта так крута! Гэта такі прыклад!“ — кажа Леся Літвіненка. — Сапраўды атрымалася выхаваць такую дачку з павагай да маці. Мне прыемна, вельмі прыемна!».

«Навошта нам вось гэтыя расейскія традыцыі? Перажытак савецкай мінуўшчыны? — зазначае Леся пра традыцыю выкарыстаньня імя па бацьку. — Мы ўжо будуем новую краіну — сваю, незалежную. І мы хочам свае традыцыі павагі да жанчыны, талерантнага стаўленьня да жанчыны і да яе правоў і свабоды!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG