Пра гэта паведаміў вядомы расейскі журналіст Аляксей Венядзіктаў са спасылкай на сакрэтны ўказ прэзыдэнта Расеі. Пры гэтым, паводле інфармацыі Венядзіктава, Суравікін ня звольнены з войска, ён застаецца ў распараджэньні Мінабароны.
Крыніца агенцтва РБК, «знаёмая з сытуацыяй», паведамляе, што вызваленьне генэрала ад пасады зьвязанае зь пераходам на іншую працу. «Цяпер ён у кароткатэрміновым адпачынку», — удакладніў адзін з суразмоўцаў выданьня.
Паводле зьвестак расейскай журналісткі Ксеніі Сабчак, Суравікін быў звольнены закрытым указам яшчэ 18 жніўня. Афіцыйна такі дакумэнт апублікаваны ня быў.
Аб зьняцьці генэрала з пасады паведамілі і расейскія праваенныя блогеры. «Рыбар» піша, што Суравікіна адхілілі практычна адразу пасьля мяцяжу кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына ў ліпені гэтага году.
Суравікін камандаваў расейскімі войскамі ва Ўкраіне з кастрычніка 2022 па студзень 2023 году. Пасьля гэтага яго перавялі на пасаду намесьніка камандуючага. У той жа час з 2017 году Суравікін займаў пасаду камандуючага ВКС.
У чэрвені сёлета падчас мяцяжу вагнэраўцаў Суравікін запісаў відэазварот да наймітаў ПВК «Вагнэр», заклікаўшы іх вярнуцца ў месцы дысьлякацыі. У СМІ раней зьяўляліся паведамленьні пра сувязі Суравікіна з заснавальнікам ПВК Яўгеніем Прыгожыным. Па некаторых дадзеных, генэрала затрымалі — ва ўсякім разе, з тых часоў ён не зьяўляўся на публіцы.