Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца Кабінэту: Узмацненьне дыскрымінацыйных і ксэнафобскіх меркаваньняў у Літве дэматывуе дэмакратычна настроеных беларусаў


Аліна Коўшык.
Аліна Коўшык.

Узмацненьне «дыскрымінацыйных і ксэнафобскіх меркаваньняў» у мэдыяпрасторы Літвы «моцна дэматывуе дэмакратычна настроеных беларусаў, якія шчыра паважаюць нашу супольную гісторыю», заявіла BPN прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінэта (АПК) па нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык.

Такім чынам яна пракамэнтавала нядаўнія заявы кіраўніка парлямэнцкага камітэту па нацыянальнай бясьпецы і абароне (КНБА) Лаўрынаса Кашчунаса пра занепакоенасьць праявамі «літвінізму» з боку беларусаў у Літве.

Коўшык падкрэсьліла, што такое стаўленьне літоўскіх палітыкаў «выклікае занепакоенасьць» асабіста ў яе «як дэмакратычнага палітыка, гісторыка і горадзенкі, для якой мае значэньне спадчына Вялікага Княства Літоўскага».

Падобныя заявы, паводле яе слоў, найперш уяўляюць небясьпеку для «дэмакратычна настроеных беларусаў, якія знайшлі прытулак у Літве ці працягваюць жыць у Беларусі».

«І гэта, на жаль, няправільна нацэлены, несымэтрычны адказ. Бо гэта адказ на ролю лукашэнкаўскага рэжыму ў вайне ва Ўкраіне, разьмяшчэньне ў нашай краіне расейскай ядзернай зброі і некалькіх тысяч наймітаў з ПВК „Вагнэр“ і іншыя дзеяньні [Аляксандра] Лукашэнкі. Дэмакратычна настроеныя беларусы не падзяляюць [думкі пра слушнасьць гэтых дзеяньняў] і змагаюцца супраць гэтага, нягледзячы на рэпрэсіі, якія не канчаюцца ўжо трэці год. Барацьба беларускага народу за свабоду і незалежнасьць сьведчыць аб неабходнасьці разьдзяляць супраціў Беларусі і рэжым Лукашэнкі», — адзначыла прадстаўніца АПК.

Паводле слоў Коўшык, апошні канфлікт створаны штучна і «справакаваны фэйкамі пра небясьпеку так званага радыкальнага „літвінізму“, канцэпцыя якога зьяўляецца аналягам <...> „русского мира“».

«Дэмакратычныя сілы Беларусі ніколі не выказвалі ніякіх прэтэнзій да тэрытарыяльнай цэласнасьці Літвы, не зьбіраюцца гэта рабіць надалей. Дэмакратычная Беларусь зацікаўленая ў выбудове трывалых, добразычлівых і ўзаемавыгадных адносін са сваімі суседзямі, у тым ліку зь Літвой, дзеля чаго будзе прыкладаць асаблівыя намаганьні», — падкрэсьліла яна.

Коўшык адзначыла, што АПК «гатовы садзейнічаць грамадзкаму дыялёгу паміж беларусамі і літоўцамі на самых розных узроўнях», шчыра вітае «ўсе ініцыятывы грамадзянскай і экспэртнай супольнасьці, незалежных мэдыя, культурніцкіх арганізацый па яго арганізаваньні».

«Варта працягваць абмен інфармацыяй адзін пра аднаго — поўнай, дакладнай, аб’ектыўнай і, што, на мой погляд, вельмі важна, экспэртнай», — дадала яна.

  • 19 жніўня Кашчунас заявіў, што беларускія дэмакратычныя сілы павінны занепакоіцца праявамі «літвінізму» з боку сваіх суайчыньнікаў. Імаверна, ён меў на ўвазе публікацыі ў сацсетках (найчасцей ананімныя), дзе спадчына ВКЛ называецца выключна беларускай, выказваюцца прэтэнзіі Беларусі на частку тэрыторыі цяперашняй Літвы.
  • 14 жніўня беларуская лідэрка Сьвятлана Ціханоўская ў звароце да народу Літвы заявіла, што беларусы ня маюць тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў.
  • Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай пра тое, што любы публічны канфлікт паміж беларусамі і літоўцамі «вакол тэмы інтэрпрэтацыі гісторыі і спадчыны Вялікага Княства Літоўскага» выгадны найперш «нашаму супольнаму ворагу — дыктатарскай пуцінскай Расеі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG