Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агульныя страты бакоў на вайне ва Ўкраіне дасягаюць паўмільёна — The New York Times


Могілкі баевікоў ПВК «Вагнэр» пад расейскім горадам Самара
Могілкі баевікоў ПВК «Вагнэр» пад расейскім горадам Самара

Агульная колькасьць забітых і параненых вайскоўцаў з абодвух бакоў вайны ва Ўкраіне за паўтара года з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня РФ набліжаецца да 500 тысяч.

Такую ацэнку дае The New York Times са спасылкай на неназваных прадстаўнікоў адміністрацыі ЗША.

Гаворка ідзе толькі пра страты на полі бою, цывільныя жыхары, забітыя і параненыя ў выніку расейскага ўварваньня, у гэты лік не ўваходзяць.

Страты расейскага боку ў амэрыканскай адміністрацыі ацэньваюць як больш высокія — хоць і не ў разы большыя за ўкраінскія страты. Сьцьвярджаецца, што ў вайне загінула да 120 тысяч расейцаў і каля 170–180 былі параненыя. Паводле выданьня, Украіна страціла да 70 тысяч забітымі і да 120 тысяч параненымі.

Пры гэтым New York Times падкрэсьлівае, што гаворка ня ідзе пра пацьверджаныя дадзеныя, і прызнае, што нават розныя амэрыканскія агенцтвы маюць розныя дадзеныя аб стратах Расеі і Украіны ў вайне. У прыватнасьці, у дакумэнтах Пэнтагону, якія трапілі ў Інтэрнэт у пачатку гэтага году, расейскія страты ацэньваліся ў 43 тысячы забітымі, а ўкраінскія — у больш за 17 тысячаў.

Аб стратах абодва бакі канфлікту амаль не даюць інфармацыі. Афіцыйна апошні раз Масква называла колькасьць загінулых амаль год таму, Кіеў не стаў гэтага рабіць, заявіўшы, што дадзеныя будуць абнародаваныя пасьля вайны. Пры гэтым абодва бакі заяўляюць, што праціўнік нясе вялікія страты — Украіна заяўляе пра больш за 250 тысячаў расейскіх вайскоўцаў (што больш, чым удзельнікаў першапачатковага ўварваньня расейскай арміі ў лютым 2022 году), а расейскія афіцыйныя асобы — пра тое, што страты Ўкраіны ў летняй наступальнай апэрацыі ў восем разоў перавышалі расейскія (аб’ектыўных пацьверджаньняў гэтаму няма).

Розныя аглядальнікі і СМІ спрабуюць падлічыць страты, аналізуючы адкрытыя дадзеныя. Расейская служба BBC і «Медиазона», якія вядуць падлік загінуўшых расейскіх вайскоўцаў па адкрытых дадзеных і паведамленьнях у сацсетках, паведамляюць, што ўстанавілі імёны 30 тысяч загінулых. Рэальная колькасьць загінулых, напэўна, большая. Яўгеній Прыгожын, у прыватнасьці, сьцьвярджаў, што толькі ў групоўцы ПВК «Вагнэр» падчас штурму Бахмута страты склалі 20 тысяч чалавек.

Як адзначае New York Times, нягледзячы на бОльшыя страты, расейскае войска захоўвае колькасную перавагу над украінскім войскам у зоне баявых дзеяньняў, галоўным чынам за кошт большага мабілізацыйнага рэсурсу — насельніцтва Расеі больш чым у тры разы перавышае насельніцтва Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG