У задачы завэрбаваных, паводле сьцьвярджэньня журналістаў, уваходзілі прарасейская агітацыя, выведка ў польскіх партах, усталёўваньне камэр сачэньня на чыгунках і «маячкоў» GPS у вайсковых грузах, якія праходзяць праз Польшчу ў бок Украіны. У сакавіку гэтага году, як паведамляе The Washington Post са спасылкай на польскія спэцслужбы, завэрбаваныя атрымлівалі загады ладзіць дывэрсіі на польскай чыгунцы, каб перашкодзіць дастаўцы ваеннай тэхнікі ва Украіну.
Польскія спэцслужбы лічаць заказчыкам расейскае Галоўнае ўпраўленьне Генштабу (вядомае як ГРУ) — і, па словах журналістаў, называюць гэтую апэрацыю найбольш сур'ёзнай пагрозай у краіне NATO з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Па зьвестках The Washington Post, цяпер у Польшчы па падазрэньні ў дывэрсійнай дзейнасьці і шпіянажы арыштаваныя 12 грамадзян Украіны, якія прыехалі зь яе ўсходніх абласьцей і жылі ў краіне ў статусе ўцекачоў, трое грамадзян Беларусі і адзін расеец.
Праз Польшчу ва Ўкраіну паступае каля 80% усёй вайсковай дапамогі краін NATO. Улады Польшчы ўзмацняюць бясьпеку на мяжы ў сувязі з прыбыцьцём у Беларусь наймітаў расейскай ПВК «Вагнэр».