Больш за восем месяцаў у зьняволеньні ў Літве правёў беларускі добраахвотнік з палку Каліноўскага «Чаравік» (пазыўны зьменены па просьбе суразмоўцы, сапраўднае імя ёсьць у рэдакцыі. — РС). Яго арыштавалі ў сьнежні 2022 году і падазраюць у забойстве пабраціма. Сам «Чаравік» даводзіць, што гэта было самазабойства. І на працягу ўсяго тэрміну зьняволеньня патрабаваў прайсьці паліграф, у чым яму пастаянна адмаўлялі.
У жніўні «Чаравіка» выпусьцілі на волю пад заклад. Свабодзе ён расказаў сваю вэрсію тых падзей, а таксама з чым сутыкнуўся ў зьняволеньні.
«Паварочваю галаву і бачу яго з нажом у грудзях»
— Раскажыце сваю вэрсію таго, што адбылося ў сьнежні 2022 году, калі загінуў ваш пабрацім?
— У адзін зь вечароў мы былі разам на кватэры. Празь нейкі час заўважылі, што мой пабрацім маўчыць, паводзіць сябе незвычайна. Бо ён, як правіла, душа кампаніі. А тут ён проста маўчаў. Я спытаў у яго, ці хоча ён асобна пагутарыць у іншым пакоі. Ён пагадзіўся, і мы пайшлі. Колькі я ні спрабаваў яго разгаварыць, спытаць, што здарылася, рознымі шляхамі падбіраўся, але ён нічога не адказваў. Я не магу сказаць, што быў дыялёг, бо зь яго боку за ўвесь гэты час было вельмі мала фразаў. Мы троху так былі побач. Празь нейкі час ён устаў, узяў нож і ўдарыў сябе. Я нават не зьвярнуў першапачаткова ўвагі, што ён узяў нож, ну ўзяў і ўзяў, любіць гэты нож. Думаў, мо пакруціць у руках узяў. Я еў макарону і чуў нейкі грукат, паварочваю галаву — і бачу, як ён стаіць з нажом у грудзях. Я ў шоку быў, кінуўся, хацеў дастаць гэты нож, і гэта была памылка, ня трэба было чапаць. Але я быў у стане поўнага шоку. За адно імгненьне кінуўся да яго. Ён не даваў мне выцягнуць, наадварот, яшчэ болей у сябе ўціскаў. Ён увесь гэты час стаяў, я паклаў яго і стаў клікаць на дапамогу. Гаварыць ён за гэты час нічога не гаварыў. Нават крыку зь яго боку не было.
«Ён ня бачыў жыцьця па-за вайной»
— Вы з загінулым пасябравалі на вайне?
— Не, яшчэ да вайны. У СМІ была троху няправільная інфармацыя. Мы зь ім пазнаёміліся ў Вільні на Дзень Волі 2021. Але неяк не стасаваліся, ведалі толькі, што такія ёсьць. А ўжо ўвосень 2021 году аднавілі кантакт. Часта сустракаліся, стасаваліся. Мы сталі вельмі блізкімі. Ён нават на маім шлюбе быў у якасьці рэгістратара. Зачытваў пажаданьні, агучваў, чаму тут сабраліся. Потым разам паехалі ва Ўкраіну.
Мы ня ўдзельнічалі ў адных і тых жа задачах. Але мы былі ў адным батальёне, часта бачыліся, размаўлялі. Я звольніўся троху раней, ён заставаўся крыху даўжэй.
— Апошнім часам вы жылі разам?
— Калі ён вярнуўся ў Літву, то напрасіўся пагасьціць да нас. Так пражыў каля двух месяцаў. Вядома, праблемы былі. Я не скажу, што быў ПТСР, але былі праблемы са сном. Ён галавой яшчэ заставаўся на вайне, ня мог прыняць таго, што застанецца на «гражданцы». Ён і жыў толькі тым, што вернецца на вайну. Ён бачыў праблемы ў беларускіх падразьдзяленьнях і разглядаў магчымасьць паехаць у іншыя часткі. Я не заўважыў у ім дэпрэсіўных схільнасьцяў. Калі такое і было, то толькі праз вайну. Ён ня бачыў жыцьця па-за вайной. Ён кожную гісторыю з вайны ўспрымаў як сваю асабістую, жыў гэтым.
«Сьледчая ня верыла мне»
— Вас адразу арыштавалі?
— Калі прыехала паліцыя, то сталі распытваць, што здарылася. Кажуць, паехалі, раскажаш усё падрабязна. Я ня стаў нічога хаваць, усё расказаў. Мы паехалі ў паліцэйскі камісарыят. Я меркаваў, што яны дзень-два падумаюць, а потым адпусьцяць, бо ўсё відавочна. Была ўжо чацьвёртая гадзіна ночы, у ізалятары я спытаўся: «А што я тут раблю?» «А ты хіба не разумееш?» — адказалі мне. Яны пыталіся, што здарылася, я коратка патлумачыў. Яны мне на гэта: «А-а-а, усё як звычайна. Ва ўсіх так». Я паспаў пару гадзін, і ранкам павялі здымаць адбіткі. Я шчыра меркаваў, што мяне распытаюць пра тое, што здарылася, і паеду назад, а тут усё так разгортвалася нечакана для мяне. Мне сказалі, што я падазраваны ў злачынстве. Для мяне гэта быў поўны шок. Далей былі допыты і паказаньні. Была вельмі цікавая сьледчая. Я расказваў, што мы былі добраахвотнікамі ва Ўкраіне, ваявалі за ідэю. На гэта пачуў, што мы ніякія не добраахвотнікі, а найміты і ваявалі выключна за грошы. Ціпа ня трэба мне тут нічога расказваць, я ўсё ведаю і так. Тады я зразумеў, куды трапіў — гэта вельмі нагадвала беларускую сыстэму. Я зразумеў, што гэта будзе зноў барацьба.
— Калі вы трапілі ў статус падазраванага?
— А тады адразу. Я спытаў на чым яны грунтуюцца, на што пачуў, што першасная экспэртыза паказала аб малаверагоднасьці таго, што ён мог сам сябе ўдарыць. Я даводзіў, што ніяк інакш гэта быць не магло. Сьледчая ня верыла мне ў самых дробязях. Яна пыталася, што было са мной, калі я ехаў у паліцыю. Я адказаў, што толькі ключы, якія потым аддаў паліцыянту. Яны адказвае: «Не, ня так было». Але навошта мне тут хлусіць! Які сэнс у гэтым?
«Я ведаў, што паліграф — гэта мой паратунак»
— Калі вы вырашылі прайсьці паліграф?
— Я ад самага пачатку прасіў прайсьці паліграф, каб у іх не было ніякіх пытаньняў. Мне сказалі, што паліграф будзе ў самым канцы, пасьля ўсіх экспэртызаў. Можа і год прайсьці. Кожны раз мы ўздымалі пытаньне паліграфу, у лютым пацьвердзілі, што правядзём. Але яны сталі казаць, што паліграфіст сышоў на пэнсію. Цырк нейкі! Мы зьвярталіся ў іншыя дзяржаўныя арганізацыі з паліграфістамі, яны ўсе адмовіліся, апроч Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі. Але і Дэпартамэнт у апошні момант адмовіўся. Мы змагаліся за прыватных паліграфістаў, спачатку дазволілі, усё было нармальна, заставаўся адзін дзень да яго. Але ў адзін момант кажуць: «Не хачу з гэтым разьбірацца, хай суд разьбіраецца». Прычынай назвалі тое, што ў прыватнага паліграфіста не хапае досьведу працы.
— Вы былі згодныя на любую экспэртызу?
— Так, мы самі падавалі заяўкі на экспэртызы. Гэтыя экспэртызы нічога не пакажуць, апроч маёй вэрсіі. Супраць мяне была ўсяго толькі адна экспэртыза, дзе гаварылася аб «малаверагоднасьці» таго, што гэта самагубства. Усе іншыя экспэртызы паказваюць або на маю карысьць, або нэўтральна. Адвакату вельмі доўга не аддавалі дакумэнты з маёй справы. А калі аддалі, то гэта часткова былі матэрыялы не маёй справы. Аддавалі ня цалкам усе дакумэнты. Да галадоўкі мне прыходзілі дакумэнты толькі па-літоўску, ні па-расейску, ні па-ангельску. Але ў турме змог троху вывучыць літоўскую.
«Ніводнага разу да мяне не прыйшлі мэдыкі»
— Якія ўмовы былі?
— Турма пабудаваная гадоў 15 таму. Рамонт быў звычайны, нармальны. Больш справа ў пэрсанале, большасьць перайшлі туды з Лукішак (Лукіская турма ў цэнтры Вільні, цалкам закрытая ў 2019 годзе. — РС). Яны спрабуюць прасунуць старыя парадкі. Праблемы хутчэй у судовай сыстэме, якая працуе кепска. Я сядзеў абсалютна невінаваты, але мне дадавалі санкцыі адну за адной. На судах не працуе прэзумпцыя невінаватасьці. Яны ня ведаюць, ці вінаваты я, але ўжо ставяцца як да вінаватага. Але самае абуральнае было, што не давалі паліграф. Канечне, мне казалі, што гэта будзе ўскосны доказ, але я лічу, што ён сфармуе ўсё ўяўленьне аб справе. Пакажа, што мае словы — гэта не хлусьня.
— Вы галадалі. Як гэта было?
— Я скончыў на 14-я суткі галадоўку, дабіваўся паліграфу. Мяне штораз пыталіся, ці пайду я да мэдыкаў. Адказваў, каб прыходзілі самі да мяне, бо мне цяжка. Я першы раз хадзіў узважыцца і памераць ціск. Але да іх трэба было дабірацца праз вуліцу, на трэці паверх — гэта складана. У мяне не было ўжо сілаў. Яны ніводнага разу да мяне не прыйшлі, ніводнага. Я зьвяртаўся да супрацоўнікаў турмы, а яны жартавалі: «Ну вы ж падышлі да дзьвярэй камэры, я ня думаю, што вы проста на вадзе, у вас бы не было сілаў устаць проста тады б». Я хацеў накіраваць ліст пракурору, падыходжу: «Ой, а навошта ты галадаеш?» Ніхто там не замарочваецца наконт правоў чалавека. Падчас галадоўкі сілаў у мяне не было, адчуваў сябе вельмі стомленым, павольна рухаўся. Існаваў толькі на вадзе. Першыя дзесяць дзён ішлі ў пляне фізычным так, што вага гублялася хутка. А потым стаў адчуваць, нібыта здароўе ўжо высмоктваецца. Я тады і задумаўся, каб захаваць здароўе. Паліграф мне так і не далі. Гэтая сыстэма ня хоча даваць ніякай слабіны.
«Мы добра адзін аднаго разумелі»
— А ў вас быў канфлікт з загінулым?
— Абсалютна не. У нас зь ім абсалютна ніколі не было. Я сам па сабе чалавек спакойны, а зь ім у нас была найвышэйшая ступень разуменьня. Мы вярталіся з вайны ў тым ліку праз стасункі са сваімі жанчынамі. Мы адзін аднаго добра разумелі. Для нас было важным быць побач пасьля вайны і размаўляць. Ён расказваў, што хацеў вярнуцца на вайну. У мяне такія думкі таксама былі. Я нават расказваў гэта падчас сэансаў у псыхатэрапэўта. У мяне таксама былі праблемы са сном, са структураваньнем дня. Я разумеў, што трэба папрацаваць з тэрапэўтам.
На вайне я адчуваў, што магу быць карысным і паўплываць на вырашэньне лёсу Беларусі. І мне было складана зьмірыцца, што я на «гражданцы». Я не магу сказаць, што гэтыя пытаньні і сёньня закрытыя. З пабрацімам было важна гаварыць, адчуваць падтрымку адзін аднаго.
— Чаму вас вызвалілі?
— Судзьдзі, якія прынялі рашэньне вызваліць, пачулі ўсе аргумэнты, якія мы казалі ад самага пачатку, што малады, цесныя сувязі зь Літвой, я тут вучуся, а нейкіх доказаў злачынства няма. Пашанцавала, што трапіліся такія судзьдзі. Цяпер у мяне на назе бранзалет, быў заклад у суме 25 тысяч. Я не магу выходзіць з хаты, толькі магу на сьледзтва, у паліклініку, на працу ці вучобу. Цяпер на BySol ідзе збор на аплату паслугаў адваката для мяне