Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар эканомікі Літвы: Узмацненьне жорсткасьці абмежаваньняў можа нэгатыўна адбіцца на рэлякаваным беларускім бізнэсе


Беларускія нацыянальныя сьцягі ў вокнах будынкаў у Вільні, Літва. 12 ліпеня, 2023 году
Беларускія нацыянальныя сьцягі ў вокнах будынкаў у Вільні, Літва. 12 ліпеня, 2023 году

Міністар эканомікі і інавацый Літвы Аўшрынэ Арманайтэ, камэнтуючы прапанову ўзмацніць жорсткасьць нацыянальных абмежавальных мер у дачыненьні да беларусаў, заявіла, што сёньняшняга рэгуляваньня «дастаткова», яно «збалянсаванае».

Паводле яе слоў, піша партал Delfi, узмацненьне абмежаваньняў «можа нэгатыўна адбіцца на беларускім бізнэсе, які пераехаў у Літву».

«Паслухаўшы дарадцаў прэзыдэнта або некаторых cябраў сэйма, я чую пэўныя пляны. Яны (беларускія кампаніі. — BPN.) таксама чуюць», — сказала чыноўніца.

«Літва, Польшча і іншыя краіны сталі домам для гэтых кампаній. І гэта супольнасьці, якія супрацьстаяць рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі і не задаволеныя такім статус-кво. Цяпер наша прапанова — не палохаць гэтых людзей і не выганяць іх з Літвы, бо яны прынялі рашэньне, зьехалі, пакінулі свае дамы, некаторыя прыехалі з дзецьмі і змянілі сваё жыцьцё», — патлумачыла яна.

Арманайтё падкрэсліла, што працэс рэлакацыі беларускіх кампаній ўжо скончыўся.

«Неяк трэба захоўваць гэты здаровы глузд, і я жадаю яго захаваць», — сказала міністар.

16 жніўня прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэта па замежных справах Валеры Кавалеўскі паведаміў тэлеканалу LNK, што некаторыя беларускія ІТ-кампаніі разглядаюць магчымасьць сыходу з Літвы.

2 жніўня літоўская міграцыйная служба паведаміла, што на пачатак ліпеня 2023 года ў Літве пражывала 58.347 грамадзян Беларусі — на 9.543 (19,6%) больш, чым на пачатак студзеня (48.804).

4 жніўня гэтае ж ведамства заявіла, што з канца лістапада 2022 года Літва прызнала 910 беларусаў асобамі, якія ўяўляюць пагрозу для яе бясьпекі. 337 грамадзянам Беларусі адмовілі ў выдачы часовага віду на жыхарства (ВНЖ), 121 — у замене гэтага дакумэнта, 205 — ануляваны часовы ВНЖ, які раней дзейнічаў.

Акрамя таго, двум беларусам адмовілі ў выдачы пастаяннага віда на жыхарства, чатыром гэтыя дакумэнты анулявалі. 241 беларусу адмовілі ў выдачы літоўскай нацыянальнай візы (тып D).

У апошні час прадстаўнікі літоўскіх уладаў усё часьцей заяўляюць пра неабходнасьць ураўнаваць прынятыя на нацыянальным узроўні абмежаваньні ў дачыненьні да беларусаў і расейцаў(зараз яны закранаюць у асноўным грамадзян Расеі). Гэтыя абмежаваньні шмат у чым тычацца парадку знаходжаньня ў Літве, магчымасьці набываць нерухомасьць ды інш.

Беларускі дэмакратычны лідар Сьвятлана Ціханоўская заклікала прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседу адмовіцца ад падобнага кроку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG