Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што вайну ва Ўкраіне трэба «спыніць любымі сродкамі».
«Лібэральная ідэя глябалізацыі ня вырашыла праблем няроўнасьці дзяржаў і народаў, больш за тое, ёю паспрабавалі скарыстацца так званыя краіны „залатога мільярда“, каб забясьпечыць сваю гегемонію ў мадэлі аднапалярнага сьвету, якая дазваляла б ім кантраляваць рэсурсы ўсёй плянэты. Па сутнасьці, можна гаварыць пра ўсталяваньне на плянэце новага нэакаляніяльнага рэжыму», — сказаў Віктар Хрэнін, выступаючы 15 жніўня на Маскоўскай канфэрэнцыі бясьпекі.
Паводле яго, гэта выклікала супрацьдзеяньне іншых дзяржаў, якія хочуць жыць у шматпалярным сьвеце. «Сёньня гэтая барацьба вылілася ў глябальнае супрацьстаяньне паміж Захадам і Ўсходам на тэрыторыі Ўкраіны. Пры гэтым проксі-вайна, якая там разгарнулася, фактычна паставіла плянэту на мяжу трэцяй усясьветнай вайны», — сказаў ён.
«Цалкам зразумела, што дыялёг трэба аднаўляць менавіта цяпер, пакуль яшчэ ёсьць выхад з глухога кута і не разьвязаная чарговая ўсясьветная вайна. Пазыцыя Рэспублікі Беларусь — адназначная: любымі сродкамі спыніць вайну. Потым можа быць ужо позна. Спадзяюся, што наш пасыл пачуюць», — заявіў Віктар Хрэнін.
Украінцы гінуць «за Амэрыку і NATO»
Віктар Хрэнін падкрэсьліў, што апошняе пашырэньне NATO — гэта таксама «своеасаблівая калянізацыя новых тэрыторый з мэтай выкарыстаньня насельніцтва, якое там пражывае, у імавернай вайне з Усходам». Пры гэтым міністар абароны Беларусі лічыць, што пад Усходам трэба разумець усе дзяржавы, якія гатовыя «супрацьстаяць Захаду».
Міністар абароны Беларусі лічыць, што ў бачаньні NATO «ўкраінцы павінны працягваць гінуць у баях, аслабляючы Расею ў ваенным пляне».
«І ня проста так дэкляруецца стварэньне трохтысячнай групоўкі войскаў NATO (у Альянсе заяўлялі аб стварэньні трохсоттысячнай групоўкі. — РС) высокай ступені баяздольнасьці на ўсходнім флянгу Альянсу. Яна яўна будзе прызначаная не для абароны, а для раптоўнага нападу і прыкрыцьця стратэгічнага разгортваньня асноўных ударных сіл заходняга вайскова-палітычнага блёку», — дадаў ён.
Паводле яго, гэтае войска будзе сфармавана з насельніцтва Эўропы, і «зноў за амэрыканскія інтарэсы будуць гінуць народы іншых дзяржаў». «Прычым эўрапейскія народы нават не разумеюць, які лёс ім падрыхтавалі», — пераконваў Віктар Хрэнін.
Пра польскае войска
Міністар абароны Беларусі лічыць, што Польшча недарма заявіла пра намер стварыць найбольш моцнае войска ў рэгіёне. «Агрэсіўны характар вайсковай палітыкі краін Захаду перасталі прыхоўваць за фармуляваньнем аб выключна абарончай накіраванасьці іхных вайсковых дактрын», — сказаў Віктар Хрэнін.
Паводле яго, ва ўсіх дактрынальных дакумэнтах эўрапейскіх краін галоўнымі праціўнікамі называюць «Расею, Кітай і саюзныя для іх дзяржавы, у ліку якіх і Рэспубліка Беларусь».
«На пустым месцы такія дактрынальныя ўстаноўкі не нараджаюцца. На Захадзе ідуць інтэнсіўныя вайсковыя прыгатаваньні. У гэта ўкладаюцца вялікія грошы. І трэба разумець, што ў капіталістычным сьвеце замарожваць свае актывы ў зброі і раздутай арміі проста так ніхто ня будзе. Таму выснова адназначная: магчымасьць прамога сутыкненьня з NATO ў будучым становіцца вельмі імавернай. Сёньня ўсе маскі скінутыя», — казаў Хрэнін.
Пра ядзерныя пагрозы, зброю ў Беларусі і беларускія дыяспары
«Адзінае, што стрымлівае ўладныя структуры краін „залатога мільярда“ ад разьвязваньня буйнамаштабнай вайны, гэта пагроза ядзернага адказу на іхныя дзеяньні. Не выпадкова Рэспубліка Беларусь разглядае вяртаньне тактычнай ядзернай зброі на сваю тэрыторыю як дзейсны фактар стратэгічнага стрымліваньня», — заявіў Віктар Хрэнін.
Паводле яго, «для разбурэньня непажаданых дзяржаў, вядзеньня на іх тэрыторыях проксі-войнаў актыўна выкарыстоўваюцца недзяржаўныя гульцы ў асобе тэрарыстычных і злачынных арганізацый, радыкальных рэлігійных плыняў, прадстаўнікоў пятай калёны, якая аб’ядналася з дыяспарамі за мяжой».
«Менавіта гэтыя гульцы актывізуюць спробы рэалізаваць свае інтарэсы і адваяваць месца ў сьветапарадку, які фармуецца. З гэтай мэтай яны пры падтрыманьні Захаду ствараюць уласныя ўзброеныя фармаваньні, якія могуць задзейнічацца для дэстабілізацыі дзяржаў і захопу ваенным шляхам часткі іхнай тэрыторыі, стварэньні на іх новых квазідзяржаўных утварэньняў», — сказаў міністар абароны Беларусі.
У гэтым кантэксьце ён нагадаў падзеі з заходам на тэрыторыю Расеі ў Белгарадзкую вобласьць расейцаў, якія ваююць на баку Ўкраіны.
Пра інтэграцыю Беларусі і «саюзную дзяржаву» з Расеяй
«Мы бачым, што нашыя інтэграцыйныя высілкі ламаюць пляны Захаду. Невыпадкова ажыцьцяўляюцца спробы ўнесьці разлад у саюзы дзяржаў, адарваць краіны адну ад адной, уцягнуць іх у заходнюю нэакаляніяльную мадэль паводзінаў. У межах такіх імкненьняў нашым хаўрусьнікам прапануюць розныя альтэрнатыўныя фарматы супрацы, эканамічныя і фінансавыя прэфэрэнцыі», — сказаў Віктар Хрэнін.
«Ня буду паўтарацца, наколькі небясьпечна парушэньне адзінства ў фарматах СНД, АДКБ, ШОС у доўгатэрміновай пэрспэктыве. Пра тое, што імгненныя выгады могуць стаць прычынай катастрофы, неаднойчы казаў прэзыдэнт Беларусі. Абстаноўка, якая складаецца, не пакідае сумневаў, што нам трэба трымацца разам, бо наша будучыня залежыць ад нашай супольнай і кансалідаванай працы», — заявіў міністар абароны Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.