Такое рашэньне было прынятае 8 жніўня кабінэтам міністраў краіны, паведамляе прэс-служба латвійскага ўрада.
«Загад быў выдадзены для забесьпячэньня недатыкальнасьці дзяржаўнай мяжы і прадухіленьня дзяржаўнай пагрозы, прымаючы да ўвагі неадпаведна вялікую колькасьць спробаў незаконнага перасячэньня латвійска-беларускай мяжы», — цытуе прэс-рэліз «Зеркало».
Міністэрства ўнутраных спраў краіны ўдакладніла, што ў кампэтэнтныя органы Літвы і Польшчы працягваюць паступаць зьвесткі аб выпадках незаконнага перасячэньня мяжы з тэрыторыі Беларусі.
«Таму вельмі важна забясьпечыць адзіныя і скаардынаваныя міжнародныя дзеяньні ў адносінах да такіх спробаў незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы, каб забясьпечыць роўную абарону межаў краін усяго рэгіёну з Беларусьсю», — адзначылі ў ведамстве.
Паводле латвійскага боку, з 11 жніўня 2021 года ў перасячэньні латвійскай мяжы было адмоўлена больш чым 14 000 асобаў. У сваю чаргу, па гуманітарных меркаваньнях са студзеня гэтага году ў краіну было дапушчана 282 чалавекі, 117 з іх былі непаўналетнімі.
Зацьверджаны ўрадам дакумэнт прадугледжвае, што Дзяржаўная памежная ахова ўзмоцніць кантроль за латвійска-беларускай мяжой, а Нацыянальныя ўзброеныя сілы (НВС) і Дзяржаўная паліцыя дадуць неабходную падтрымку.