У дзяржаўных органах Польшчы ідуць працэсы люстрацыі. Улады правяраюць 40 тысяч дзяржаўных службоўцаў. Некаторыя ўжо страцілі месца працы, сярод іх супрацоўнікі канцылярыі прэм’ер-міністра, піша Беларуская служба Польскага радыё.
У сакавіку ўрадавы праект паправак да Закону аб дзяржаўнай службе і іншых актаў быў унесены ў Сэйм. Закон, сярод іншага, уводзіць забарону прымаць на службу асобаў, якія з 22 ліпеня 1944 году па 31 ліпеня 1990 году працавалі ў органах дзяржаўнай бясьпекі або былі іх агентамі.
Чыноўнікі, якія нарадзіліся да 1 жніўня 1972 году, падаюць люстрацыйныя дэклярацыі, а Інстытут нацыянальнай памяці некалькі тыдняў правярае, хто супрацоўнічаў з спэцслужбамі ў часы Польскай народнай рэспублікі.
Паводле выданьня Dziennik Gazeta Prawna, сярод людзей, якія страцілі работу, адзін чалавек працаваў у Паморскай ваяводзкай управе на пасадзе старшага інспэктара, а такама адзін чалавек зь Міністэрства фінансаў і чатыры чалавекі з канцылярыі прэм’ер-міністра.
Чакаецца, што ўвесь працэс праверкі працягнецца яшчэ пяць месяцаў. Калі чыноўнік прызнаецца ў супрацы з спэцслужбамі або калі ён вырашыў не падаваць дэклярацыю, яго звальняюць «у сувязі з заканчэньнем працоўнага кантракту».
Польскі омбудсмэн да люстрацыі паставіўся крытычна
У траўні сваю пазыцыю наконт папраўкі ў Закон аб дзяржаўнай службе выказаў польскі омбудсмэн прафэсар Марцін Вёнцэк. Ён заявіў, што магчымае звальненьне людзей, якія працавалі ў органах бясьпекі ПНР ці супрацоўнічалі зь імі, адбудзецца «без наданьня чалавеку права зьвярнуцца ў суд і бяз права на індывідуальную ацэнкі пазыцыі такой асобы ў пэрыяд камуністычнай дзяржавы».
«У дэмакратычнай праўнай дзяржаве недапушчальна даваць заканадаўцу права прымаць рашэньні, якія вядуць да перакрэсьленьня жыцьцёвых і прафэсійных здабыткаў тых супрацоўнікаў, якія не парушалі закон; перакрэсьленьня каштоўнасьці іхнай працы пасьля 1990 году, незалежна ад яе фактычнага значэньня і ранейшай ацэнкі прпацадаўцы. Пастанова, якая ўводзіць аўтаматычнае спыненьне працоўных адносінаў названых групаў працаўнікоў, не шануе асноўных свабодаў, якія ўключаюць права быць выслуханым і права на абарону, а таксама права на індывідуальную ацэнку», — гаворыцца ў выснове ўпаўнаважанага ў правах чалавека Польшчы.