КДБ у Магілёве затрымаў музы́ку за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»
На відэа, запісаным сілавікамі, Павал Лапікаў кажа, што яго затрымалі за фінансаваньне «экстрэмісцкіх фармаваньняў» BySol, ByHelp і ByPol.
У якім статусе і дзе ён зараз знаходзіцца — невядома, піша @mediazona_by.
Вырак за сарваныя сьцягі
Суд Камянецкага раёну 1 жніўня асудзіў двух палітзьняволеных да пазбаўленьня волі за тры сарваныя сьцягі. Паводле арт. 370 Крымінальнага кодэксу («зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў») 18-гадоваму Захару Сінякову прызначылі паўтара года калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а 19-гадоваму Елісею Кузьняцову, які ў іншай крымінальнай справе адбыў тэрмін цалкам, — два з паловай гады. Такі прысуд вынесла Галіна Прыхожка, піша «Берасьцейская Вясна».
Паводле вэрсіі абвінавачаньня, у ноч з 14 на 15 траўня 2023 году ў вёсцы Войская (Камянецкі раён Берасьцейскай вобласьці) сарвалі тры дзяржаўныя сьцягі Беларусі з установы адукацыі, гандлёвага аб’екту і аддзяленьня пошты.
Для Елісея Кузняцова гэта ўжо другая палітычная крымінальная справа з 2020 году: першы раз яго судзілі за нібыта кінуты кактэйль Молатава. 17 сьнежня 2022 году Елісей цалкам адбыў тэрмін у наваполацкай калёніі № 1 і выйшаў на волю. 23 траўня стала вядома, што Елісея паказальна ўзялі пад варту ў Высокаўскім аграрным каледжы.
Палітвязьняў трымаюць у СІЗА-7, 224030, г. Берасьце, вул. Савецкіх памежнікаў, 37. Захар Мікалаевіч Сінякоў, Елісей Сяргеевіч Кузьняцоў.