За першае паўгодзьдзе 2023 году паводле «пратэставых» артыкулаў у Беларусі асудзілі 29 непаўналетніх, вынікае са зьвестак Вярхоўнага суду Беларусі, паведамляе выданьне «Позірк».
Сярод іх:
- 18 непаўналетніх асудзілі за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
- 9 чалавек — за «злачынствы супраць дзяржавы і парадку ажыцьцяўленьня ўлады і кіраваньня», зь іх:
трох — за «супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак» (арт. 363 КК);
двух — за «абразу прэзыдэнта» (арт. 368 КК);
па адным — за «гвалт або пагрозу ў дачыненьні да службовай асобы» (арт. 366 КК), «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369), «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў» (арт. 370 КК) і «заведама ілжывы данос» (арт. 400 КК).
- 2 чалавек — «за зьдзяйсьненьне злачынстваў супраць міру, бясьпекі чалавецтва» паводле арт. 130 КК (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы).
Агулам за першае паўгодзьдзе 2023 году асудзілі 276 непаўналетніх — на 42,3% менш, чым за аналягічны пэрыяд 2022 году (478).
Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі на ліпень 2023 году
Рэпрэсіі ў Беларусі, паводле праваабаронцаў. Сьцісла ў лічбах:
- У ліпені 2023 году праваабаронцам стала вядома пра 350 фактаў перасьледу беларусаў паводле адміністрацыйных спраў і пра 260 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага разбору ў судзе. Па выніках судоў прызначылі сама меней 55 адміністрацыйных арыштаў і 34 штрафы. Амаль траціна рэпрэсаваных — жанчыны.
- На канец ліпеня ў Беларусі налічвалася 1488 палітвязьняў, за ліпень праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 42 чалавек. На волю ў сувязі з адбыцьцём пакараньня, зьмяненьнем меры стрыманьня, амністыяй і памілаваньнем выйшлі агулам больш за 900 палітвязьняў.
- Паводле стану на 3 жніўня ў Беларусі 1496 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.
- Улады па-ранейшаму перасьледуюць удзельнікаў пратэстаў 2020 году: ад пачатку 2023 году асудзілі каля 470 чалавек.
- Агулам «Вясьне» вядома больш як пра 3550 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах.
- У ноч з 10 на 11 ліпеня ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзьняволены мастак Алесь Пушкін. Трапіў ён туды з горадзенскай турмы. У выніку нясвоечасовага і непрафэсійнага наданьня мэдычнай дапамогі супрацоўнікамі мэдычнай часткі мясцовай турмы № 1 у яго разьвіўся пэрытаніт, узьніклі сэпсіс і паліорганная недастатковасьць, адзначаюць праваабаронцы.
- У ліпені колькасьць «экстрэмісцкіх фармаваньняў» павялічылася на два і дасягнула 137. У сьпіс асобаў, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці», улады дадалі ў ліпені 94 чалавек, на канец ліпеня ў сьпісе значылася 3086 імёнаў. Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнены зьвесткамі на падставе 58 рашэньняў судоў.
- На канец ліпеня ў месцах зьняволеньня знаходзіліся 36 прадстаўнікоў СМІ.
- У ліпені ў Вярхоўным судзе пачалі ліквідацыю 7 з 16 зарэгістраваных палітычных партыяў. Сярод іх чатыры апазыцыйныя партыі: Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Партыя БНФ, Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ.
- Па-ранейшаму няма дакладных зьвестак пра лёс вядомых апазыцыйных палітыкаў, якіх улады ўтрымліваюць у строгай ізаляцыі: Марыі Калесьнікавай, Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, падкрэсьліваюць праваабаронцы.
- Паводле праваабаронцаў, адзначаецца няўхільны рост колькасьці арыштаваных і асуджаных за ўдзел у дзейнасьці і ахвяраваньні ініцыятывам і арганізацыям, прызнаным «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».