Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зьняў з пасады кіраўніка вайсковай выведкі ўраджэнца Ялты і прызначыў на яго месца ўраджэнца Беларусі


Аляксандар Лукашэнка на вайсковым парадзе
Аляксандар Лукашэнка на вайсковым парадзе

Генерал-маёр Уладзімір Купрыянюк прызначаны начальнікам галоўнага выведнага ўпраўленьня — намесьнікам начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл. Адпаведны ўказ 28 ліпеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэсавая служба.

Да гэтага Купрыянюк займаў пасаду начальніка штабу — першага намесьніка камандуючага Заходнiм апэратыўным камандаваньнем. Ён знаходзіцца пад санкцыямі Ўкраіны, Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі, Канады і Новай Зэляндыі.

Паведамляецца, што ранейшы кіраўнік вайсковай выведкі генэрал-маёр Руслан Касыгін звольнены ў запас па ўзросьце з правам нашэньня формы і знакаў адрозьненьня.

Касыгін узначаліў вайсковую выведку Беларусі ў ліпені 2020 году, 28 ліпеня яму споўнілася 55 гадоў. Ён родам зь Ялты (Крым). Вучыўся ў Чалябінскай танкавай каманднай вучэльні. З 2014 году ён адкрыта падтрымліваў агрэсію Расеі супраць Украіны.

  • Беларускае заканадаўства ўсталёўвае 55-гадовы ўзрост як максымальны ўзрост службы для генэрал-маёраў і генэрал-лейтэнантаў. Але дазваляецца працягваць тэрмін іх службы два разы па пяць гадоў. Такое рашэньне прымае кіраўнікі дзяржавы. Касыгіну тэрмін службы, аднак, працягнуты ня быў.

Замест Купрыянюка начальнікам штабу — першым намесьнiкам камандуючага Заходнiм апэратыўным камандаваньнем прызначаны палкоўнік Аляксандр Лаўрэнаў.

Указам Лукашэнкі начальнікам галоўнай ваеннай інспэкцыі Узброеных сілаў стаў генэрал-маёр Андрэй Гарбаценка, які да нядаўняга часу кіраваў Менскай сувораўскай вайсковай вучэльняй.

На чале ваеннай інспэкцыі Гарбаценка зьмяніў генэрал-маёра Івана Багуслаўскага, звольненага ў запас па ўзросьце з правам нашэньня форменнай вопраткі і знакаў адрозьненьня.

Начальнікам сувораўскай вучэльні прызначаны палкоўнік Дзьмітрый Кучук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG