З паведамленьня літоўскага МЗС, апублікаванага 28 ліпеня, вынікае, што нота зьвязаная з інфармацыяй пра энэргетычны пуск другога энэргаблёка Беларускай АЭС і павелічэньне магутнасьці яго рэактарнай устаноўкі да 100% (блёк ужо знаходзіцца на стадыі досьледна-прамысловай эксплюатацыі і працуе на поўную магутнасьць з 12 ліпеня).
Літоўскае зьнешнепалітычнае ведамства заклікала Беларусь спыніць эксплюатацыю другога блёку АЭС «да ліквідацыі выяўленых праблем бясьпекі, рэалізацыі неабходных мер падвышэньня бясьпекі і строгага захаваньня міжнародных нормаў і патрабаваньняў ядзернай бясьпекі і экалёгіі».
У паведамленьні гаворыцца, што пры выбары пляцоўкі паблізу Астраўца ў Горадзенскай вобласьці Беларусь «не ўлічыла шчыльнасьць і разьмеркаваньне жыхароў Літвы і патэнцыйнае нэгатыўнае трансгранічнае ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе і насельніцтва, а таксама не забясьпечыла належнага ўдзелу грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў».
Менск, паводле ноты, ня выканаў рэкамэндацыі па выніках стрэс-тэставаньня БелАЭС, не правёў ацэнку наступстваў падзеньня буйнога камэрцыйнага авіялайнэра, а таксама «ня даў інфармацыю, неабходную для больш дакладнай ацэнкі патэнцыйнага ўзьдзеяньня станцыі на Літву, і не разгледзеў узьнятыя Літвой пытаньні, датычныя сэйсьмічных аспэктаў, разьмяшчэньня пунктаў захоўваньня радыеактыўных адкідаў і адпрацаванага паліва ў Беларусі, магчымых экалягічных праблем праз выкарыстаньне вод ракі Вяльлі для ахаладжэньня рэактараў».
- Беларуская АЭС узводзіцца непадалёк ад мяжы зь Літвой пераважна за кошт крэдыту Расеі па расейскім праекце ВВЭР-1200. Генэральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам выступае інжынірынгавая кампанія «АСЭ», якая зьяўляецца галаўной арганізацыяй інжынірынгавага дывізіёну расейскай дзяржаўнай карпарацыі «Росатом».
- Першы блёк атамнай станцыі пачаў даваць электрычнасьць у сетку 3 лістапада 2020 году, яго камэрцыйная эксплюатацыя пачалася ў чэрвені 2021-га.
- Другі энэргаблёк БелАЭС цяпер на этапе досьледна-прамысловай эксплюатацыі. Сёлета 13 траўня аб’ект выдаў у сетку першыя кіляват-гадзіны электрычнасьці. У верасьні плянуецца правесьці грамадзкія слуханьні па ўводзе блёку ў прамысловую эксплюатацыю, які заплянаваны на кастрычнік 2023 году.