Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сустрэчы з жонкай Статкевіча начальнік калёніі патлумачыў адсутнасьць вестак ад палітвязьня кепскай працай «Белпошты»


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Інфармацыі пра палітыка Міколы Статкевіча няма ўжо 168 дзён.

Начальнік папраўчай калёніі № 13 (Глыбокае, Віцебская вобласьць), дзе ён адбывае пакараньне, спасылаецца на кепскую работу «Белпошты», паведаміла жонка Статкевіча Марына Адамовіч.

«168 дзён безь лістоў, бязь вестачкі, — напісала яна ў „Фэйсбуку“. — Учора была „на прыёме“ у начальніка».

Паводле слоў Марыны Адамовіч, у яе асабіста да «Белпошты» прэтэнзій няма.

Жонка палітыка нагадала, што раней вярнулі мэдычную бандэроль, патлумачыўшы тым, што «няма заявы».

Некалькі дзён назад Марына Адамовіч паведаміла, што ёй вярнулі ліст да Міколы Статкевіча з пазнакай «адмова ад атрыманьня».

Ад палітзьняволенага Міколы Статкевіча больш за 5 месяцаў няма ніякіх вестак.

Марына Адамовіч у сярэдзіне траўня атрымала адказ адміністрацыі калёніі пра тое, што Мікалая Статкевіча зьмясьцілі на паўгода ў адзіночную камэру.

Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за 3 гады. 14 сьнежня 2021 году яму быў вынесены прысуд: 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі асаблівага рэжыму.

У канцы мінулага чэрвеня Статкевіч быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калёнію № 13. З таго часу яго рэгулярна зьмяшчаюць у ШЫЗА — яму выпісалі ня менш за 36 спагнаньняў.

Хто такі Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG