29 ліпеня пройдзе 12-гадзінны онлайн-маратон салідарнасьці з палітвязьнямі «Нам ня ўсё адно!», каб сабраць грошы для палітычных зьняволеных і іх сем’яў.
Як 12-гадзінны маратон можна дапамагчы палітвязьням у Беларусі?
— Маратон ня вырашыць самай галоўнай праблемы, ён ня вызваліць палітвязьняў. Маратон ня спыніць рэпрэсіі, ня спыніць існаваньне таталітарнага рэжыму, які столькі людзей кінуў у турмы. У гэтай сытуацыі мы можам рабіць тое, што можам. Адказ вельмі просты. Маратон дапаможа палітвязьням і іх сем’ям грашыма. Мы ведаем, колькі каштуюць адвакаты, якія павінны хадзіць ня толькі на суды, але і на папярэднія сьледчыя дзеяньні, колькі каштуюць пасылкі. Мы бачым, колькі каштуюць прадукты ў краме. Грошы — трыгернае слова. Маратон мае адзіную мэту — сабраць як мага больш грашовых сродкаў, каб падтрымаць палітвязьняў і іх семʼі.
У маратоне няма ніякіх абмежаваньняў для людзей, якія знаходзяцца не ў Беларусі. Мы будзем чакаць, што і звычайныя беларускі і беларусы, фізычныя асобы і беларускі бізнэс далучацца да маратону і падтрымаюць палітвязьняў. Людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі і хочуць падтрымаць маратон, павінны знайсьці творчае вырашэньне задачы і ні ў якім разе не карыстацца беларускімі і расейскімі банкаўскімі картамі. Калі ёсьць жаданьне заданаціць, то можна знайсьці блізкіх, калег, сяброў, родных, якія знаходзяцца за мяжой, і зрабіць плацёж пры іх дапамозе. Мы заклікаем быць акуратнымі з камэнтаваньнем, з лайкамі, перапостам трансьляцыі. У Беларусі можна трапіць на доўгія гады ў калёнію за лайк, камэнтар ці данат. Бясьпека — прыярытэт.
Чаму няправільна думаць, што нічога немагчыма зрабіць для вызваленьня палітвязьняў, што іх лёс вырашыцца звонку — ці як вынік вайны ва Ўкраіне, ці калі Захад дамовіцца з Лукашэнкам?
— Бо гэта перакладаньне адказнасьці. Гэта жорстка прагучыць, але я лічу, што нам нельга ставіць саміх сябе ў сытуацыю вывучанай бездапаможнасьці. Менавіта гэтага і чакае ад нас рэжым. Многія спадзяюцца, што падзеі, якія адбываюцца вакол нашай краіны, паўплываюць і дапамогуць нам. Мы верым і спадзяёмся на перамогу Ўкраіны. Мы спадзяёмся на зацікаўленасьць Захаду ў тым, каб нас падтрымаць і дапамагчы нам. Але спадзявацца толькі на вонкавую дапамогу нельга. Тады мы як беларускі народ, як дэмакратычныя сілы, як грамадзянская супольнасьць страцім субʼектнасьць.
Мы павінны думаць, дзейнічаць, шукаць рашэньні, шукаць дыпляматычныя рашэньні, удалыя міжнародныя кейсы вызваленьня палітвязьняў. Насамрэч нават у Беларусі яны ёсьць. Ніхто за нас ня будзе рабіць нашу працу. Мы ня можам скласьці рукі і чакаць, пакуль нам нехта дапаможа.
Ці слушна робяць родныя, якія хаваюць інфармацыю пра затрыманьні, спадзеючыся, што так хутчэй можна вызваліцца, бо згадка ў «экстрэмісцкіх» рэсурсах толькі нашкодзіць?
— Я вельмі разумею тых людзей, якія баяцца. Калі цябе ці блізкіх наганяюць рэпрэсіі, перасьлед, ты баісься ўсяго. Памятаю, як я сядзела ў камэры і вінаваціла сябе. У той момант я, напэўна, магла зрабіць усё што заўгодна, каб гэта зьмянілася ў маім жыцьці. Калі ў родных і сяброў апошняя надзея захоўваецца, што калі пра гэта ніхто не даведаецца, гэта неяк дапаможа іх затрыманым родным, я не магу недаацэньваць і абясцэньваць гэты страх.
Мы бачым па інфармацыі праваабарончых арганізацый, што вядомасьць і прызнаньне палітзьняволеным не зьберажэ чалавека, калі ў яго сурʼёзны крымінальны артыкул. Мы бачым, што многія прызнаныя палітвязьнямі, пра якіх пісалі многія СМІ, выходзілі на «хатнюю хімію». Няма доказу таго, што разгалошваньне інфармацыі пра зьняволеньне ці наданьне статусу палітвязьня пагаршае сытуацыю. Але ў гэты момант чалавек пазбаўляецца салідарнасьці.
Памятаю, што мы шэсьць месяцаў абмяркоўвалі з сукамэрніцамі, ці прызналі нас палітзьняволенымі. Для нас гэта было важна. Рэжым усё робіць дзеля таго, каб мы сталі звычайнымі сярэднестатыстычнымі крымінальнікамі без падтрымкі і безь лістоў. Гэта самая вялікая рызыка, што затрыманыя людзі, пра якіх мы ня ведаем, пазбаўляюцца салідарнасьці.
Ці праўда, што малавядомым палітвязьням вельмі цяжка, практычна немагчыма сабраць грошы на дапамогу?
— Я не супрацоўніца дабрачыннага фонду ці праваабарончай арганізацыі. У мяне няма лічбаў, каб я пабачыла і параўнала. Але тое, што я бачу ў публічным доступе (я стала адсочваю і пэрсанальныя зборы, і агульныя зборы), то бачу, што насамрэч гэта праўда. Калі адбываюцца трагічныя падзеі і да вялізарных тэрмінаў прысуджаюць вядомага чалавека, то сілы нашай салідарнасьці, напрацаваны гадамі сацыяльны капітал, грамадзянская актыўнасьць гэтага палітвязьня, — гэты бэкграўнд дапамагае яму. Тады ў людзей вельмі моцны эмацыйны водгук, і яны данацяць.
Я бачыла шмат збораў для невядомых людзей, якія сыходзілі ў архіў незакрытымі. Я ведаю, што ёсьць семʼі, у якіх затрыманыя блізкія яшчэ ў 2020 годзе, але яны яшчэ нідзе не атрымалі дапамогі. Гэта не таму, што яны зьвярталіся і ім адмовілі. Не. У арганізацый, якія дапамагаюць семʼям палітвязьняў, абмежаваны рэсурс. Асабліва сытуацыя крытычна зьмянілася пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Пра 20–30 знакамітых кейсаў мы ведаем, пра гэта часта пішуць. Але сядзяць тысячы людзей. І наша задача — у рамках маратону падтрымаць у тым ліку тых людзей, якія не атрымлівалі дапамогі ці атрымлівалі яе ў недастатковым памеры.
Чаму ня варта асуджаць тых, хто напісаў прашэньне аб памілаваньні?
— Гэтае пытаньне вельмі канфліктнае. Ёсьць публічнае і схаванае супрацьстаяньне гэтых пазыцый. Але чалавечае жыцьцё — найвялікшая каштоўнасьць для кожнага з нас і для ўсяго нашага руху ў цэлым. Мне падаецца, што мы не павінны і ня можам судзіць стратэгію выжываньня тых людзей, якія цяпер знаходзяцца ў месцах несвабоды. Мы ня ведаем гэтых абставінаў. Нехта хадзіў на пратэсты яшчэ з 1990-х, мы ведаем нашых герояў-палітвязьняў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні ня першы раз у сваім жыцьці.
Усе розныя, у нас розны стан здароўя, розныя жыцьцёвыя абставіны, і мы павінны вітаць любое рашэньне палітзьняволеных. Калі гэта рашэньне захаваць свой гонар, і зьняволены думае, што гэта апошняе, што ў яго засталося, мы павінны падтрымаць яго ў гэтым. Калі палітвязень ці палітзьняволеная хоча любымі спосабамі выратаваць сябе, напісаць заяву на памілаваньне ці яшчэ нешта скарыстаць, мы павінны вітаць гэта.
Мяне вельмі засмучае такое абмеркаваньне ў чатах родных палітвязьняў. Я падпісаная на некалькі чатаў жаночай гомельскай калёніі і іншых. І я проста шалею, калі бачу, як абмяркоўваецца, камэнтуецца некаторымі ўдзельнікамі чата, калі нехта даў інтэрвію прапагандысцкаму беларускаму каналу ці напісаў прашэньне на памілаваньне. Мы павінны забараніць сабе публічна камэнтаваць гэта. Можам думаць што заўгодна. Гэта неадʼемнае права палітвязьняў — выратаваць сябе ў катаваньнях, у гвалце, у зьняволеньні.
Ці праўда, што вялікая колькасьць людзей стамілася, зьняверылася і ня хоча ведаць пра трагедыю палітвязьняў?
— Так, гэта праўда. Я псыхоляг паводле адукацыі. Апошнім часам часта на гэтым акцэнтую ўвагу. Мэнтальны стан нас усіх — катастрафічны. На жаль, у нашых псыхолягаў, псыхатэрапэўтаў і псыхіятраў будзе працы на доўгія дзесяцігодзьдзі наперад. Мы — параненае пакаленьне. Нашы дзеці, якія, па сутнасьці, былі вымушаныя з намі сядзець, уцякаць, пералазіць праз платы... Гэта траўма на доўгія гады жыцьця... Мы думаем, як мы можам дапамагчы канкрэтным палітвязьням. Данаціць, пакуль яны сядзяць? Як мы іх вызвалім гэтым? Мы пачынаем абясцэньваць малыя крокі тым, што глябальна сытуацыя не мяняецца. На гэтым вельмі лёгка можна выгараць і страціць цікавасьць.
Я ведаю людзей у Беларусі, якія ўжо абсалютна не чытаюць навінаў. Людзі на маральнай мяжы. У іх страх, у іх злосьць на тое, што ўсё становіцца толькі горш. І людзі дыстанцыююцца. Я амаль 20 гадоў працавала з тэмай хатняга гвалту ў Беларусі да падзеяў 2020 году, і ў гэтай тэме было тое самае. Людзі вельмі хочуць дыстанцыявацца ад тэмы гвалту, а тут мы гаворым пра катаваньні, сьмерці ў турмах, пра несправядлівыя гады, дзесяцігодзьдзі зьняволеньня. У людзей проста апускаюцца рукі. І гэта важна ўлічваць.
Калі гэта так, як можна прыцягнуць увагу грамадзтва да такой цяжкай тэмы?
— Адзінае, што мы можам, — працягваць гаварыць пра палітвязьняў. Калі мы ня будзем гаварыць, ніхто ня будзе гаварыць. Палітвязьні проста сыдуць зь беларускага і міжнароднага парадку дня. Усе проста прызнаюцца, што мы бясьсільныя, што ім прыйдзецца сядзець да наступнага сэзону гандлю, калі рэжым сасьпее, калі яго даціснуць... Калі дапамагаеш, становіцца лягчэй і самому сабе. Усе нашы спробы гаварыць рознымі галасамі, паказваць праблему палітвязьняў з розных бакоў, здымаць фільмы, кліпы, пісаць музыку, — гэта стварае сынэргію, і чалавек можа салідарызавацца.
Як вы ставіцеся да выхаду дакумэнтальнага фільму пра пратэсты, у якім бачныя твары людзей на вуліцах?
— Выкладваць такі фільм у адкрыты доступ у 2023 годзе — вялізарная памылка. Калі ў 2021 годзе я вярнулася ў Беларусь з Грузіі, то думала, што мне бясьпечна ў краіне, але мяне затрымалі. Ведаю, што стваральнікам фільму цяпер цяжка. Гэта вялізарная адказнасьць і аграмадная памылка, як бы рэжым ні выкарыстаў фільм. Няважна, было гэта ці не было, затрыманыя людзі праз гэты фільм ці яны будуць гэта выкарыстоўваць, каб унесьці чарговы раскол, — гэта проста вялікая памылка. Я б усё зрабіла, каб мець магчымасьць паўплываць на гэтае рашэньне загадзя. Часам мне страшна выпускаць нешта на нашых каналах у сацсетках, гаварыць нешта публічна ў інтэрвію. Мне падаецца, кожнаму з нас трэба спачатку як мэдыкам думаць, каб не нашкодзіць людзям, якія знаходзяцца ў краіне. Гэта павінна быць меркаю для любога дзеяньня.
Ці трэба людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі, рыхтавацца да магчымага арышту і рабіць адпаведныя распараджэньні сям’і і сябрам?
— Я згадваю, як мы ў 2020 годзе хадзілі падрыхтаваныя на пратэсты. Тады ўвесь час абмяркоўвалі, што трэба быць падрыхтаваным, заключыць дамову з адвакатам, сабраць трывожную валізку. Сытуацыя ў краіне робіцца толькі больш небясьпечнай. Да гэта трэба быць гатовымі. Я шмат размаўляю зь людзьмі, якія знаходзяцца ўнутры краіны. Напэўна, я ўжо не магу адчуць гэты стан, але я ведаю, што людзі вучацца жыць, прымаць новыя рашэньні. Наша асноўная рэкамэндацыя па індывідуальным пляне бясьпекі не зьмянілася за гэты час.
Важна быць гатовымі да ўсяго. Мы бачым, што рэжым затрымлівае ня толькі актывістаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. Пад рэпрэсіі трапіла вялікая колькасьць людзей — журналістаў, мэдыкаў, навукоўцаў, выкладчыкаў ВНУ, айцішнікаў, рабочых на заводах. Мы бачым інфармацыю пра затрыманьні людзей, якія галасавалі за Лукашэнку, тых, хто падтрымліваў рэжым. Мы бачым, як цяпер цярпіць бізнэс, у тым ліку той, які быў набліжаны да Лукашэнкі. Гэта ілюзія, што нехта ў Беларусі можа быць у бясьпецы. Трэба прадумваць індывідуальны плян бясьпекі, трымаць сувязь з праваабаронцамі, атрымліваць у іх кансультацыю і мець кантакт службаў эвакуацыі, якія дапамагаюць беларусам і беларускам пакінуць краіну больш бясьпечным чынам.
Якое канкрэтнае дзеяньне канкрэтнага чалавека можа дапамагчы палітвязьням?
— Дзякуючы фондам салідарнасьці і праваабарончым арганізацыям у нас ёсьць веер магчымасьцяў. Некаторыя скептычна ставяцца да гэтых інструмэнтаў, але як чалавек, які быў у зьняволеньні, хачу сказаць, што гэта вельмі важна. У першыя месяцы ўсё ж праходзяць лісты і паштоўкі. Гэта было сьвята кожны раз, нават ліст ад незнаёмага чалавека.
Мы ў розных краінах і гарадах, але практычна паўсюль знаходзяцца людзі, якія сутыкнуліся са зьняволеньнем. Тысячы беларусаў выйшлі, ці адбыўшы цалкам пакараньне, ці атрымаўшы «хімію» і эвакуаваўшыся. Заўсёды можна выйсьці на пэрсанальны кантакт. У многіх супольнасьцяў ёсьць кантакты зь людзьмі, якія знаходзяцца ўнутры краіны, якія забясьпечваюць турэмны мэнэджмэнт, ім таксама патрэбная дапамога з пасылкамі і перадачамі. Гэта данаты. У маім асабістым сьпісе 25 беларускіх ініцыятываў, фондаў і арганізацый, якія дапамагаюць палітвязьням.
Гэта ўсё патрэбна дагэтуль толькі яшчэ ў большых памерах, бо за гэтыя гады рэжым набраў яшчэ больш людзей. Магчыма, мы стаміліся, але ў нас няма магчымасьці апускаць рукі. Калі-небудзь мы зноў пабачымся на вуліцах вольнай Беларусі, і я захачу паглядзець у вочы кожнага, каго сустрэну бяз сораму і віны, ведаючы, што я на сваім месцы. У мяне няма ні паўнамоцтваў, ні рэсурсаў, нічога, але я рабіла ўсё, што магла. І я заклікаю вас таксама да гэтага, каб нам было ня сорамна паглядзець у вочы адзін аднаму.