Рэагуючы на адмову беларускіх уладаў раскрыць лёс і месцазнаходжаньне нядаўна вызваленага з турмы апазыцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, які вырашыў застацца ў Беларусі, Марыя Гур’ева, старшы супрацоўнік Amnesty International, заявіла:
«Пастаянная адсутнасьць інфармацыі пра лёс і месцазнаходжаньне Мікалая Статкевіча выклікае глыбокую занепакоенасьць. Яго ня бачылі з таго часу, як яго даставілі на мяжу зь Літвой, дзе ён адмовіўся ад высылкі пасьля вызваленьня з турмы. Гэта выклікала асьцярогі, што беларускія ўлады вярнулі яго ў турму. Для гэтага ёсьць зразумелы і просты тэрмін: гвалтоўнае зьнікненьне.
Месцазнаходжаньне Мікалая Статкевіча павінна быць неадкладна раскрытае, яго бясьпека гарантаваная, а яго далейшае ўтрыманьне пад вартай павінна быць спыненае. Яго ніколі не павінны былі саджаць у турму, а таксама пазбаўляць права заставацца ў сваёй краіне».
Беларускія ўлады павінны спыніць выкарыстоўваць людзей, зьняволеных па палітычных матывах, у якасьці разьменных манэт на міжнароднай арэне. Яны павінны неадкладна і безумоўна вызваліць усіх, хто зьняволены за спробу рэалізаваць свае правы чалавека. І яны не павінны нікога прымушаць да высылкі, — гаворыцца ў заяве Amnesty International, якую атрымала Радыё Свабода.
Мікалая Статкевіча вызвалілі з турмы 11 верасьня 2025 года ў рамках палітычнай зьдзелкі, згодна з якой 52 зьняволеныя выйшлі на волю ў абмен на зьняцьце санкцый ЗША з беларускага дзяржаўнага авіяперавозчыка «Белавія».
Пры гэтым беларускія ўлады спрабавалі дэпартаваць усю групу і даставіць іх да літоўскай мяжы. Аднак Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь, заявіўшы: «Я буду працягваць змагацца!», перш чым вырвацца з аўтобуса, у якім яго перавозілі разам з іншымі былымі зьняволенымі, у нэйтральнай зоне. Запісы з камэр відэаназіраньня паказваюць, што яго зноў затрымалі людзі ў масках, якія ідуць зь беларускага боку.
Афіцыйнага пацьверджаньня яго месцазнаходжаньня ўладамі не было зроблена.
Як слушна называць прымусовы вываз палітычных вязьняў за мяжу Беларусі
Палітычных вязьняў, якіх улады Беларусі вызваляюць з турмаў у межах пагадненьняў з амэрыканскім бокам, не пакідаюць у Беларусі. Гэта абурае многіх зь іх, якія амаль даседзелі прызначаны турэмны тэрмін і спадзяваліся жыць на радзіме, аднак апынуліся за мяжою, бяз дому і часта без дакумэнтаў. Як будзе найбольш карэктна называць гэты прымусовы вываз людзей з краіны? Разьбіраемся.
Выправаджэньне (выдварэньне)?
Не, бо выправадзіць зь Беларусі могуць толькі замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства за правапарушэньні.
Такія дзеяньні адбываюцца ў форме высланьня (высылкі), распараджэньня пакінуць краіну, якое іншаземец можа выканаць добраахвотна;
або дэпартацыі, адміністрацыйнага выправаджэньня іншаземца за межы краіны.
Высланьне і дэпартацыя іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства рэглямэнтуюцца адпаведнымі заканадаўчымі актамі. Высланьне і дэпартацыя грамадзян Беларусі забароненыя законам.
Найбольш слушным тэрмінам у цяперашнім становішчы беларускіх палітвязьняў будзе прымусовая экспатрыяцыя (антонім рэпатрыяцыі). Гэта — выгнаньне грамадзяніна Беларусі за межы ягонай радзімы. Прымусовая экспатрыяцыя — незаконная працэдура, яна супярэчыць Канстытуцыі краіны.
Форум