Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусу адмовілі ў міжнароднай абароне ва Ўкраіне ў сувязі «паляпшэньнем стану» з правамі чалавека ў Беларусі


Намесьніца кіраўніка міграцыйнай службы Ўкраіны Натальля Навуменка, архіўнае фота
Намесьніца кіраўніка міграцыйнай службы Ўкраіны Натальля Навуменка, архіўнае фота

Скандальная сытуацыя адбылася яшчэ ў 2021 годзе, а стала вядома цяпер.

Гісторыю беларуса Юрыя Зайцава расказаў тэлеканал «Белсат». Рашэньне аб адмове ў міжнароднай абароне падпісала намесьніца кіраўніка міграцыйнай службы Ўкраіны Натальля Навуменка.

Рашэньне чыноўніца тлумачыла «паляпшэньнем стану» з правамі чалавека ў Беларусі, спасылаючыся на артыкул у выданьні «Аргументы и факты».

У тэксце «АиФ» вялося пра добрыя ўмовы для зьняволеных за кратамі — маўляў, мэдсанчастцы ПК-22 нібыта «могуць пазайдросьціць некаторыя раённыя паліклінікі».

Пры гэтым 2021 год быў поўны рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці. Тысячы людзей апынуліся за кратамі ў адміністрацыйных і крымінальных справах, тысячы мусілі пакінуць радзіму празь перасьлед.

Беларус на фронце знаходзіцца ў чаканьні перагляду сваёй справы, ён ня можа паехаць у Заходнюю Эўропу на навучаньне са сваімі пабрацімамі, бо дагэтуль не атрымаў ва Ўкраіне статусу, міжнароднай абароны, а таксама застаецца ў міжнародным вышуку.

Юрыя Зайцава беларускія праваахоўныя органы шукалі з 2014 году для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за стварэньне злачыннай арганізацыі, кантрабанду і незаконнае абарачэньне наркотыкаў і псыхатропаў.

Паводле матэрыялаў справы, якія фігуравалі ў рашэньні ўкраінскага суду аб ягоным затрыманьні, Юры Зайцаў быў ідэолягам стварэньня і кіраўніком інтэрнэт-рэсурсаў, празь якія распаўсюджваліся наркотыкі і псыхатропы цягам 2013–2014 гадоў. Іншых 16 удзельнікаў гэтай схемы продажу спайсаў асудзілі ў Беларусі ў 2016 годзе на тэрмін ад 9 да 19 гадоў пазбаўленьня волі.

Пасьля затрыманьня ягоны адвакат не казаў Свабодзе, што перасьлед у Беларусі зьяўляецца палітычным. Палітычная матывацыя зьявілася пазьней, калі да яго абароны падключыліся актывісты Беларускага дому ва Ўкраіне, які ачольвалі Віталь Шышоў і Радзівон Батулін.

Сам Юры Зайцаў апынуўся пад арыштам ва Ўкраіне на запыт беларускіх сілавікоў у жніўні 2020 году, яго шукалі як актывіста адно з анархісцкіх арганізацый. Ён правёў 7 месяцаў у Адэскім СІЗА, пасьля чаго, у кастрычніку 2021 году, яго перавялі пад хатні арышт. Цяпер Зайцаў добраахвотнікам ваюе за Ўкраіну супраць расейскай агрэсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG