Палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандар Класкоўскі ў інтэрвію Свабодзе разважае пра рэальныя матывы гэтага спатканьня.
«Яны сустракаюцца між сабой, каб ня было ўражаньня поўнай ізаляцыі. Адзін аднаго, відаць, падтрымліваюць псыхалягічна. Найбольш сэнсоўныя перамовы ідуць за кулісамі. Тое, што мы ўбачылі ў нядзелю, было разьлічана на шырокую публіку. Гэта танныя страшылкі, пагрозы, што „Вагнэр“ пойдзе на Польшчу, гэта кіданьне пантоў. Але калі аналізаваць, то вагнэраўцы безь цяжкой зброі ў Беларусі — гэта ня тая сіла, якая можа наступаць на Варшаву і Жэшаў. Для шырокага наступу няма пораху. Шайгу і Герасімаў не разгоняцца, каб падтрымліваць вагнэраўцаў», — разважае Класкоўскі.
Цалкам інтэрвію глядзіце на Youtube.
На сустрэчы з Пуціным 23 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу Аляксандар Лукашэнка заявіў пра жаданьне вагнэраўцаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, «схадзіць на экскурсію» ў Варшаву і Жэшаў (цэнтар Падкарпацкага ваяводзтва Польшчы).
Раней, 12 ліпеня, кіраўнік камітэту Дзярждумы Расеі па абароне Андрэй Картапалаў заявіў, што ПВК «Вагнэр» увялі ў Беларусь для наступнага захопу Сувальскага калідора (тэрыторыя Польшчы і Літвы паміж Беларусьсю і Калінінградзкай вобласьцю Расеі).
Апошнім часам кіраўніцтва Польшчы неаднаразова заяўляла аб патэнцыйных пагрозах з боку Беларусі на фоне разьмяшчэньня на яе тэрыторыі расейскай тактычнай ядзернай зброі, прыбыцьця наймітаў ПВК «Вагнэр» разам з роляй Менску ў разьвязанай РФ вайне супраць Украіны і працягам міграцыйнага крызісу.
8 ліпеня Блашчак паведаміў, што ў рамках апэрацыі «Бясьпечнае Падляшша» Польшча перакідае на ўсход краіны больш за 1 тыс. вайскоўцаў і амаль 200 адзінак тэхнікі з 12-й і 17-й мэханізаваных брыгад.