Аўгустаў знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Польшчы, усяго за 40 кілямэтраў ад Горадзенскай вобласьці і прыблізна на такой жа адлегласьці ад літоўскай мяжы.
Як паведамляе Польскае радыё, асноўнай задачай новага сапэрнага батальёна стане ўмацаваньне ўсходняй мяжы Польшчы і забесьпячэньне так званага Сувальскага калідора, 79-кілямэтровага адрэзка польска-літоўскай мяжы, які мае стратэгічны характар для бясьпекі краін Балтыі.
Падразьдзяленьне ў Аўгустове ствараецца ў рамках Пакету ўзмацненьня польскіх узброеных сіл на 2023–2025 гады, прынятага Радай Міністраў Польшчы ў 2022 годзе. Ён прадугледжвае ўзмацненьне ўжо існуючых тактычных злучэньняў на ўсходнім флянгу NATO.
Згодна з плянамі Міністэрства нацыянальнай абароны, першыя вайскоўцы ў новы батальён будуць прызначаныя да канца 2023 года. Батальён будзе падпарадкаваны 15-й Гіжыцкай мэханізаванай брыгадзе.