Асуджаны за хабарніцтва на 13 гадоў зьняволеньня па «цукровай справе» былы дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч папрасіў памілаваньня ў Аляксандра Лукашэнкі і выйшаў на волю, атрымаўшы кіроўную пасаду, піша «Наша Ніва» са спасылкай на крыніцу.
Шматразовыя хадайніцтвы Крыштаповіча на імя Лукашэнкі аб памілаваньні далі плён, і Крыштаповіч быў памілаваны і днямі выйшаў з калёніі, паведамляе выданьне.
«Больш за тое, Крыштаповіч атрымаў у падпарадкаваньне калгас у адной з абласьцей. Вяртаецца на свабоду ўпраўленцам», — сказала «Нашай Ніве» абазнаная крыніца.
- У Беларусі чатыры цукровыя заводы. Пра гучныя затрыманьні ў «цукровай справе» стала вядома ў пачатку 2021 году, калі 24 студзеня ў небе над Польшчай разьвярнулі самалёт «Белавія», што ляцеў зь Менску ў Мюнхэн. Самалёт пасадзілі ў Горадні, гэтым рэйсам ляцеў у адпачынак былы дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч.
- Празь некалькі дзён стала вядома, што затрымалі дырэктараў астатніх чатырох беларускіх цукроўняў. Справу расьсьледаваў КДБ.
- Сьледзтва цягнулася больш за год, фігурантаў справы абвінавачвалі ў атрыманьні, даваньні хабару, а таксама ў пасярэдніцтве ў атрыманьні хабару.
- 30 сьнежня 2021 году агучылі выракі ў справе: Былы дырэктар Гарадзейскай цукроўні Міхаіл Крыштаповіч атрымаў найдаўжэйшы сярод падсудных тэрмін — 13 гадоў турмы.
- Экс-кіраўнік Беларускай цукровай кампаніі, зарэгістраванай у Расеі, Дзьмітры Кірылаў — 7,5 года, Мікалай Пруднік (Слуцкая цукроўня) — 11 гадоў, Дзьмітры Ягораў (Скідзельская) — 11 гадоў, Анатоль Гладкі (Жабінкаўская) — 8 гадоў, Віктар Міронаў (Жабінкаўская) — 11 гадоў. Суд таксама пастанавіў спагнаць з часткі абвінавачаных больш за 11 млн рублёў (каля $4,4 млн).