Прычынай стаў пераезд Ісінбаевай у Гішпанію і яе заява, у якой яна назвала сябе «чалавекам сьвету». Раней Ісінбаева была даверанай асобай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, яна мае вайсковае званьне маёра.
Мелікаў сьцьвярджае, што стадыён «Труд», якому ў 2017 годзе было прысвоена імя Ісінбаевай, быў перайменаваны «пасьпешліва, без уліку думкі гараджан». Чыноўнік падкрэсьліў, што спартоўка ніколі не зьвязвала з Дагестанам «сваё жыцьцё, сваё мінулае і будучыню».
Пры гэтым «падставай» для перайменаваньня стадыёна і «сур'ёзным сыгналам» Мелікаў назваў «апошнія заявы спартоўкі, зробленыя з-за кардону». Па словах Мелікава, будзе правільна, калі новую назву абʼекта выберуць самі дагестанцы. Ён даручыў рэспубліканскаму Мінспорту і мэрыі Махачкалы арганізаваць гэту работу.
Раней таксама стала вядома, што Ісінбаева адновіць працу ў Міжнародным алімпійскім камітэце (МАК) пасьля праведзенай у дачыненьні да яе праверкі. МАК правяраў выказваньні Ісінбаевай аб вайне супраць Украіны. Расказваючы аб завяршэньні праверкі ў сацыяльных сетках, Ісінбаева напісала: «Я чалавек сьвету, заўсёды была і ім застануся!».
- Пасьля пачатку поўнамаштабнай расейскай вайсковай агрэсіі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўнёс Алену Ісінбаеву ў санкцыйны сьпіс. На яго думку, спартоўка шмат гадоў падтрымлівае агрэсіўныя і рэпрэсіўныя дзеяньні расейскай улады.
- Вядома, што ў 2012 годзе Ісінбаева была даверанай асобай Уладзіміра Пуціна на прэзыдэнцкіх выбарах, а ў студзені 2020 году ўвайшла ў рабочую групу, якая працавала над папраўкамі ў Канстытуцыю Расеі. Яны, у прыватнасьці, дазваляюць Пуціну выбірацца яшчэ на два тэрміны.
У чэрвені 2023 гішпанскае выданне El Digital Sur паведамляла, што Ісінбаева пераехала ў Гішпанію і жыве ў комплексе на Тэнэрыфэ. Па дадзеных каманды палітыка Аляксея Навальнага, нерухомасьць была набытая ў пачатку 2022 года, яе агульны кошт складае каля 2 мільёнаў эўра. Дазвол на жыхарства ў Гішпаніі спартоўка, як мяркуецца, магла атрымаць на падставе гэтай пакупкі.