Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі рэжым добра разумее, што раздражняць NATO ня варта, — літоўскі палітоляг Юрконіс


Віціс Юрконіс. Архіўнае фота
Віціс Юрконіс. Архіўнае фота

Літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс адказвае на пытаньне, ці асьцерагаюцца ў Вільні наймітаў «Вагнэра», якія разьмясьціліся ў Беларусі, абмяркоўвае апошнія скандальныя заявы прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы і аналізуе адрозьненьні ў пазыцыі Вільні і Брусэлю

Сьцісла:

  • Лукашэнка дастаткова хітра прадае сваю ляяльнасьць Крамлю, атрымлівае за гэта грошы ды іншыя дывідэнды.
  • Ёсьць разуменьне, што Беларусь — гэта асобная дзяржава, што расейскіх войскаў не павінна быць на тэрыторыі Беларусі.
  • Заява прэзыдэнта Наўседы — гэта тое самае, што кажуць беларускія дэмакратычныя сілы, толькі іншымі словамі.
  • Часам літоўская пазыцыя больш жорсткая, чым у іншых краінаў Захаду, напрыклад, у пытаньні санкцыяў.


— У гэтыя дні пэўная колькасьць наймітаў расейскай ПВК «Вагнэр» прыбыла ў Беларусь. Адначасова адзін дэпутат расейскай Дзярждумы заявіў, што ПВК «Вагнэр» у Беларусі патрэбная для захопу Сувальскага калідора. Як у Літве ацэньваюць такія заявы, як рэагуюць на зьяўленьне вагнэраўцаў у Беларусі?

— У Літве даволі ўважліва ставяцца да такіх заяваў, пры гэтым разумеючы, што яны маюць пераважна правакацыйныя задачы. Вядома, гэтыя заявы маюць псыхалягічны аспэкт, з мэтай пасеяць няўпэўненасьць, адчуваньне пагрозы, можа нават панікі.

Але мы ў такой сытуацыі жывём ужо ня першы год, пагрозы ўвесь час гучаць з боку Крамля. Таму ніякай панікі няма, мы даўно разумеем тую рэальнасьць, якая існуе. Я ўжо ў 2014 годзе казаў, што Беларусь — «збраяносец» Крамля. Таму прынцыпова нічога ў вялікай карціне не мяняецца. Беларускі рэжым застаецца адзіным сябрам Крамля, які стаў ізгоем у міжнароднай сыстэме.

Лукашэнка дастаткова хітра прадае сваю ляяльнасьць Крамлю, за гэта атрымлівае грошы ды іншыя дывідэнды. Мы гэта бачылі апошнія 10 гадоў, і ў гэтым пляне асабліва прынцыпова нічога не мяняецца. Але, канечне, назіраньне за тымі калёнамі, якія цяпер ідуць у Беларусь, вядзецца. Гэта робяць і літоўскія структуры, і структуры іншых краінаў NATO.

— Натуральна, што пры сучасных магчымасьцях выведкі любыя зьмены ў разьмяшчэньні войскаў адразу будуць заўважаныя. Ці можна сказаць, што за апошнія гады ніякага павелічэньня колькасьці і разьмяшчэньня беларускіх войскаў у непасрэднай блізкасьці да літоўскай мяжы не адзначана?

— Так, такая канцэнтрацыя назіралася падчас беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад», якія праходзілі кожныя два гады. Тады да іх была падвышаная ўвага з боку вайскоўцаў NATO. Таксама быў і ёсьць аб’ект, за якім Літва вельмі актыўна назірае — гэта Астравецкая АЭС. Таксама была гісторыя ў 2021 годзе зь мігрантамі, калі беларускі рэжым фактычна спрыяў незаконнай міграцыі ў Польшчу і Літву.

Цяпер нікому ня трэба даказваць, што беларускі рэжым варожы NATO. Але натуральна, што зараз асноўная ўвага беларускага і расейскага рэжыму — да паўднёвай мяжы Беларусі.

Цяпер, ва ўмовах вайны Расеі супраць Украіны, літоўская мяжа ўзмацняецца. І, думаю, беларускі рэжым добра разумее, што структуры NATO раздражняць ня варта. NATO — выключна абарончы альянс, але ўсім відавочна, што калі будуць нейкія канкрэтныя варожыя дзеяньні супраць альянсу — то мала не падасца.

— Польшча ў 2023 годзе ў два разы падвышае свае выдаткі на абарону, якія дасягнуць 4 працэнтаў бюджэту, у той час як стандарты NATO патрабуюць мінімум 2 працэнты. Ці ўзмацняе свой вайсковы бюджэт Літва, ці яна больш спадзяецца на разьмяшчэньне на сваёй тэрыторыі вайсковых кантынгентаў іншых краінаў NATO?

— Польшча, сапраўды, у гэтым пляне выдзяляецца сярод астатніх краінаў NATO. У Сэйме Літвы ідзе дыскусія пра неабходнасьць павялічыць выдаткі на абарону. Робяцца закупкі новых узбраеньняў, узмацняецца інфраструктура.

У нас разьмешчаныя нямецкія войскі, і сёлета даволі інтэнсіўна ідуць перамовы пра павелічэньне гэтага кантынгенту. Тут сама Літва павінна выканаць сваё хатняе заданьне, падрыхтаваць умовы і інфраструктуру для гэтага. Падчас Віленскага саміту шмат гаварылася пра Ўкраіну, і на гэтым фоне, магчыма, некаторыя і не заўважылі, што абавязаньні NATO краінам Балтыі і Польшчы павялічыліся — і па колькасьці, і па якасьці. Альянс як ніколі шмат увагі аддае нашаму рэгіёну, і, думаю, бліжэйшыя гады гэта будзе толькі ўзмацняцца.

— Апошнія тыдні шмат увагі аддаецца некаторым заявам прэзыдэнта Літвы Наўседы, асабліва калі ён сказаў, што Беларусь ужо не незалежная краіна, а хутчэй губэрня Расеі. Ці зьяўляюцца гэтыя заявы Наўседы выказваньнем агульнай пазыцыі літоўскіх палітыкаў, ці, можа, гэта ягоная ўласная пазыцыя, якую не абавязкова падзяляюць іншыя палітыкі?

— Я думаю, тут справа ў пэўных нюансах успрыняцьця. Беларускія дэмакратычныя сілы ўжо неаднаразова агучвалі ідэю, што Беларусь — акупаваная краіна, што Лукашэнка ажыцьцяўляе кантроль над Беларусьсю толькі дзякуючы падтрымцы Масквы.

І калі глядзець на заяву прэзыдэнта Наўседы — то гэта тое самае, толькі іншымі словамі. Можа, камусьці можа падацца, што «губэрня Масквы» — гэта гучыць неяк зьняважліва. Але гэта не падыход да беларускага народу, гэта падыход да менскага рэжыму. Так што я раіў бы не рабіць тут штучнай праблемы.

Афіцыйная Вільня не прызнае цяперашні беларускі рэжым. Усе палітыкі Літвы разумеюць, што сувэрэнітэт Беларусі паходзіць не ад аднаго чалавека, а ад беларускага народу. Але ў дадзены момант у беларускага народу адабраны голас, выбары былі сфальшаваныя. Ёсьць разуменьне таго, што Беларусь — гэта асобная дзяржава, ёсьць разуменьне, што расейскіх войскаў не павінна быць на тэрыторыі Беларусі. Так што тут усе змагаюцца на адным баку — на баку незалежнай і дэмакратычнай Беларусі.

Менскі рэжым дазваляе карыстацца беларускай тэрыторыяй як прахадным дваром. Напэўна, ва ўспрыняцьці словаў «губэрня» альбо «акупаваная тэрыторыя» ёсьць пэўныя тонкасьці. Але калі глядзець вялікую карціну, то тут меркаваньні супадаюць.

— Ці адрозьніваецца на сёньня погляд Літвы на беларускую тэму ад падыходу астатніх краінаў Эўразьвязу? Ці гэтая пазыцыя цалкам супадае з мэйнстрымам, з умоўным Брусэлем, ці ўсё ж Вільня па-ранейшаму мае сваю больш актыўную пазыцыю?

— Безумоўна, Літва мае сваю больш актыўную пазыцыю. Нашы нацыянальныя інтарэсы супадаюць з інтарэсамі суседніх краінаў, з інтарэсамі Украіны — яны ў тым, каб Беларусь была незалежнай і дэмакратычнай краінай, якая выконвае міжнароднае права.

Вядома, пытаньне тактыкі — як гэтага дасягаць. Тут могуць быць разыходжаньні. Сапраўды, голас Літвы разам з Польшчай заўсёды быў больш важкім у беларускім пытаньні. Мы далі магчымасьць дэмакратычным сілам Беларусі стварыць свае структуры, выбудоўваць свае адносіны зь іншымі дзяржавамі. Да нашага голасу прыслухоўваюцца. Але ў цэлым беларускія дэмакратычныя сілы самастойныя — мы гэта бачым па іх сустрэчах, па іхняй здольнасьці выходзіць на самы высокі ўзровень як у Бэрліне, Брусэлі, так і ў Вашынгтоне.

Часам наша літоўская пазыцыя больш жорсткая, чым у іншых краінаў Захаду, напрыклад, у пытаньні санкцыяў. Часам мы ў Вільні чуем, што галоўнае — гэта адзінства ўсіх краінаў Эўразьвязу, што трэба прымаць рашэньне кансэнсусам. Але ў нас часам ствараецца ўражаньне, што надта шмат часу аддаецца розным нарадам і канфэрэнцыям, а патрэбны больш рашучыя дзеяньні. Як толькі ў Беларусі вынесены новы палітычны прысуд, то адказ павінен быць тэрміновы: усе ўдзельнікі працэсу, судзьдзі, пракуроры павінны адразу трапіць пад санкцыі, яны не павінны карыстацца дабротамі Захаду, супраць якога яны так зацята змагаюцца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG